Паводле паведамленняў у сацсетках, у апошнія дні яны наведалі родных журналіста і блогера Валера Руселіка, актывісткі Марыны Касінеравай, а таксама актывіста Дзмітрыя Карняенкі.
Валер Руселік паведаміў, што да яго маці ў Гродне зноў прыходзілі двое мужчын у цывільным. Яны распытвалі пра яго месца жыхарства, планы на вяртанне ў Беларусь, сувязь з маці. На гэты раз таксама цікавіліся яго знешнасцю — ці ёсць татуіроўкі, шнары, а таксама яго ростам. Акрамя таго, сілавікі перапісалі асабістыя дадзеныя сваякоў.
Марына Касінерава паведаміла, што сілавікі рэгулярна наведваюць кватэру, дзе яна зарэгістраваная, хоць не жыве там ужо больш за 13 гадоў. Яны прыходзяць нават уначы, каб удакладніць, ці знаходзіцца яна ў Беларусі і калі плануе вярнуцца. У снежні такія візіты былі двойчы, а ў студзені супрацоўнікі КДБ правялі ператрус, канфіскавалі 35 еўра і дапыталі яе маці. Грошы дагэтуль не вернутыя — «ідзе следства».
Актывіст Дзмітрый Карняенка паведаміў, што яго, як удзельніка ініцыятывы «Хрысціянская візія», прызналі датычным да так званага «экстрэмісцкага фармавання». У выніку візіты міліцыі да яго родных сталі часцейшымі. Напярэдадні супрацоўнікі сілавых структур наведалі яго бацьку ў Воршы і нават узялі біялагічны матэрыял. Апошнім часам былі ў цешчы ў Віцебску.
Паводле інфармацыі, праект «Хрысціянская візія» нядаўна быў уключаны ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», што і стала фармальнай падставай для дзеянняў сілавікоў.
Вясна/ав