Беларуская Служба

Прэм'ер Літвы аб нацыянальных санкцыях супраць Расіі і Беларусі: Яны павінны мець, як мінімум, рэгіянальны характар

14.04.2025 16:03
Санкцыі асобных дзяржаваў аказваюць на агрэсара значна меншае ўздзеянне, чым санкцыйны пакет з боку ўсяго ЕС, лічаць прэм’ер і прэзідэнт Літвы.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Калі Еўрасаюз не прадоўжыць сектаральных санкцый супраць Расіі і Беларусі, то абмежаванні павінны мець рэгіянальны характар, лічыць прэм'ер Літвы Гінтаўтас Палуцкас. У адваротным выпадку, на думку кіраўніка ўрада, абмежаванні не дадуць ніякага рэальнага эфекту, паведамляе delfi.lt.



«Нацыянальныя санкцыі не могуць быць прыраўнаваны і не могуць кампенсаваць еўрапейскія санкцыі. Калі больш не будзе еўрапейскіх санкцый, яны (санкцыі) могуць быць нацыянальнымі, але яны ўсё роўна павінны быць прыняты хаця б на рэгіянальным узроўні. Гэта значыць, што латышы, эстонцы, палякі, фіны таксама павінны прымаць такія рашэнні», - заявіў Палуцкас.

У сваю чаргу прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў у пятніцу, што Літва была б гатова ўвесці нацыянальныя санкцыі, у тым выпадку, калі Еўропа не працягне дзейныя цяпер абмежаванні супраць Расіі і Беларусі. Нагадваем, тэрмін дзеяння цяперашніх абмежавальных мераў ЕС супраць Расіі заканчваецца ў ліпені.

«Літва была б гатова разгледзець нацыянальныя санкцыі. Хачу адзначыць, што прымяненне санкцый асобнымі дзяржавамі, на жаль, аказвае на агрэсара значна меншае ўздзеянне, чым санкцыйны пакет з боку ўсёй супольнасці», - заявіў прэзідэнт Літвы.



На гэтым тыдні прапанова аб падаўжэнні нацыянальных санкцый у дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі прайшла чарговае галасаванне ў літоўскім Сейме. Згодна з дзейным законам аб нацыянальных санкцыях, гэтыя абмежавальныя меры дзейнічаюць да 2 траўня 2025 года. Прапаноўвалася падоўжыць гэты тэрмін яшчэ на год.

аз