Беларуская Служба

У Беластоку перайменавалі вуліцу маёра Шэндзеляжа «Лупашкі»

29.10.2019 08:59
Паводле часткі гісторыкаў, пад яго кіраўніцтвам у 1944 годзе былі забітыя мірныя жыхары беларускіх і літоўскіх вёсак.
.
З. Шэндзеляж "Лупашка"By Ministerstwo Bezpieczeństwa Publicznego (Ministry of Public Security), official mug shot after arrest - Institute of National Remembrance Archive, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=48353123

Большасць гарадскіх дэпутатаў Беластоку прагаласавала за перайменаванне вуліцы маёра Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі» на Падляскую. Вуліца насіла яго імя паўтара году. Праект у гэтай справе падрыхтавалі дэпутаты з Форуму меншасцяў Падляшша, якія ўваходзяць у склад Грамадзянскай кааліцыі.

Маёр Шэндзеляж быў адным з «выклятых жаўнераў», якія пасля вайны змагаліся ў антыкамуністычным падполлі. У ПНР яго прысудзілі да кары смерці. Прысуд быў выкананы 8 лютага 1951 года стрэлам у патыліцу. Некалькі дзясяткаў гадоў камуністы хавалі месца пахавання яго й іншых асуджаных. Толькі ў 2013 годзе былі знойдзеныя парэшткі «Лупашкі» на ўчастку «На Лончцы» на варшаўскіх Павонзках. Яго астанкі ўрачыста перапахавалі ў 2016 годзе на варшаўскіх Павонзках з удзелам прэзідэнта Польшчы і прадстаўнікоў ураду.

Паводле часткі гісторыкаў V Віленская брыгада Арміі Краёвай, якой камандаваў маёр Зыгмунт Шэндзеляж «Лупашка», правяла пацыфікацыю беларускіх і літоўскіх вёсак у 1944 годзе.

Паседжанне гарадской рады прайшло з удзелам жыхароў і было вельмі эмацыйным. Прысутнічалі гараджане, якія лічаць Шэндзеляжа героем, і тыя, хто называе яго забойцам.

ав