Беларуская Служба

Віцэ-міністр замежных спраў Польшчы заявіў пра санкцыі супраць беларускага рэжыму

09.04.2021 11:41
Польшча імкнецца да таго, каб беларусы самі маглі вырашаць свой лёс, але гэта не падабаецца рэжыму Лукашэнкі.
Wiceszef MSZ Paweł Jabłoński
Wiceszef MSZ Paweł JabłońskiFacebook/Paweł Jabłoński

Віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Павел Яблоньскі (Paweł Jabłoński) заявіў, што магчымыя чарговыя крокі з боку Польшчы супраць беларускага рэжыму за пераслед палякаў у Беларусі. Якія могуць быць санкцыі?

- Персанальныя супраць людзей рэжыму, якія вельмі разбагацелі цягам апошніх гадоў, павялічылі сваю маёмасць за кошт беларускага грамадства. Яны могуць страціць доступ да сваёй маёмасці, якая знаходзіцца ў краінах ЕС, паколькі іх пазбавяць права ўезду на тэрыторыю супольнасці. Калі паявіцца такая неабходнасць, будуць уведзеныя таксама эканамічныя санкцыі. Мы не можам пакінуць без адказу дзеянні супраць польскіх грамадзян. Усе, хто за такія дзеянні адказвае, можа быць пазбаўлены права ўезду на тэрыторыю Польшчу ды іншых краін Еўрапейскага Саюзу.

Госць Польскага радыё адзначыў, што рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі вынікаюць з таго, што рэжым А. Лукашэнкі ставіцца да Польшчы як да варожай дзяржавы.

- Гэта, канешне, хлусня. Польшча выступае супраць таго, што робяць беларускія ўлады. Гэта значыць, супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, супраць рэпрэсіяў у дачыненні грамадзян Беларусі. Мы – гарачыя прыхільнікі таго, каб менавіта Беларусь, каб самі беларусы маглі вырашаць уласную будучыню. Наша палітыка імкнецца да таго, каб Беларусь заставалася незалежнай дзяржавай, каб яна сама магла выбраць свой шлях, каб яна не падпарадкоўвалася Расіі.

Звыш двух тыдняў таму былі затрыманыя чатыры актывісты Саюзу палякаў у Беларусі, у тым ліку старшыня СПБ Анжэліка Борыс. Яны абвінавачаныя ў распальванні нацыянальнай варожасці.

IAR PR/нг