Беларуская Служба

Польшча зробіць больш жорсткімі ўмовы атрымання візы Poland Business Harbour для беларусаў

15.01.2022 12:30
З 1 лютага прэтэндэнту з Беларусі на візу Poland Business Harbour спатрэбіцца рэкамендацыя ад адной з кампаній-партнёраў праграмы (іх больш за 300).
Аўдыё

На афіцыйным партале дзяржаўных паслуг Польшчы gov.pl з'явіўся анонс: праграма Poland Business Harbour пашыраецца геаграфічна (Азербайджан), але звужаецца з пункту гледжання крытэраў для ўдзельнікаў з Беларусі.

З 1 лютага прэтэндэнту на візу з Беларусі спатрэбіцца рэкамендацыя ад адной з кампаній-партнёраў праграмы (сёння іх больш за 300, спіс застаецца адкрыты). Раней гэтае правіла распаўсюджвалася на іншыя краіны-ўдзельніцы Poland Business Harbour, а беларусу было дастаткова дыплома па ІТ-спецыяльнасці або вопыту працы ў ІТ больш за год.

Ад жніўня 2020 года Польшча прыняла 23 тысячы беларусаў, якіх перасьледавалі на радзіме

Для грамадзянаў Беларусі праграма дзейнічае па ранейшых правілах да 31 студзеня 2022 года. З 1 лютага правілы праграмы для ўсіх удзельнікаў PBH (Беларусь, Арменія, Грузія, Малдова, Расея, Украіна, Азербайджан) будуць аднолькавыя.

Poland Business Harbour – праграма польскага ўраду, якая прапануе спецыялістам IT-сфэры, стартапам і ІТ-кампаніям «без праблемаў пераехаць у Польшчу».

Раней польскія чыноўнікі паведамлялі пра 18 300 візаў, выдадзеных з пазнакай Poland Business Harbour. Большасьць з іх атрымалі беларусы – грамадзянам іншых краін яны даступныя толькі з ліпеня 2021 года. Згодна са звесткамі польскага памежнага камітэту, па візе Poland Business Harbour у краіну заехалі 7,6 тысячы беларусаў.

"Радыё Свабода" / вх