Беларуская Служба

Анджэй Дуда: «Вайна прынесла смерць мільёнам звычайных палякаў»

01.09.2022 08:55
Прэзідэнт Польшчы і прэм’ер-міністр узялі ўдзел ва ўрачыстасцях ушанавання памяці з нагоды пачатку ІІ Сусветнай вайны.
Ілюстрацыйны здымакFoto: PAP/Adam Warżawa

У 83-ю гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны прэзідэнт Анджэй Дуда ў Вестэрплятэ заявіў, што гэта была адна з найвялікшых трагедый для польскага народа.

Анджэй Дуда падкрэсліў, што вайна азначала гібель мільёнаў простых палякаў. «Гэта была абсалютна адна з самых страшных трагедый у нашай гісторыі. Не толькі таму, што яна забрала ў нас свабоду. Не толькі таму, што яна забрала нашу дзяржаву, але і таму, што вайна прынесла мільёны ахвяр сярод польскіх грамадзян і незлічоныя, непапраўныя страты для наша Радзімы і нашай нацыі«, – заявіў прэзідэнт.

Анджэй Дуда таксама сказаў, што памяць пра Другую сусветную вайну з'яўляецца вялікай перасцярогай для ўсіх. Ён нагадаў, што 83 гады таму «Германія, ахопленая нацысцкай ідэалогіяй, у згодзе са сваім тагачасным саюзнікам Савецкім Саюзам, ахопленым камуністычнай ідэалогіяй, пачала Другую сусветную вайну, напаўшы на Польшчу без усялякага папярэджання, без аб'яўлення вайны». «Мы збіраемся, каб успомніць, ушанаваць памяць, аддаць даніну памяці забітым і загінуўшым і яшчэ раз папярэдзіць свет, каб тое, што было самым жахлівым катаклізмам ХХ стагоддзя, ніколі не паўтарылася», – падкрэсліў Анджэй Дуда.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што Другая сусветная вайна лягла ценем на палякаў на дзесяцігоддзі. «Хто ведае, як бы выглядала сёння Польшча і колькі б нас тут жыло, калі б на нас вераломна не напалі немцы, якія ішлі рука аб руку з Саветамі», – сказаў прэзідэнт.

Анджэй Дуда падкрэсліў, што палякі павінны памятаць пра ўсіх ахвяр Другой сусветнай вайны і пра тых, хто змагаўся за нашу свабоду.

У сваю чаргу прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі прыняў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды пачатку Другой сусветнай вайны ў Велюні. У сваёй прамове ён нагадаў, што гэты горад першым стаў ахвярай плану знішчэння Польшчы.

«Польшча павінна была быць знішчана амаль цалкам. 85 працэнтаў палякаў павінны былі быць забітыя. Гэты план быў рэалізаваны з жорсткай паслядоўнасцю з першых дзён вайны, з першых гадзін вайны тут, у Велюні», – сказаў прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі..

Палітык нагадаў, што падчас вайны Польшча страціла некалькі мільёнаў жыхароў, у тым ліку больш за 5 мільёнаў забітымі. Кіраўнік урада падкрэсліў, што за кожнай з гэтых ахвяр стаіць асабістая трагедыя і кашмар вайны.

83 гады таму, 1 верасня 1939 года, нямецкая армія напала на Польшчу. Немцы з першых дзён праводзілі злачынную, знішчальную палітыку ў адносінах да Польшчы і палякаў.

ПР/юл