У Польшчы дэмантуюць чатыры помнікі, прысвечаныя Чырвонай Арміі. Гэта адбываецца адначасова ў чатырох гарадах: Глыбчыцах і Бычыне (Апольскае ваяводства), Баболіцы (Заходнепаморскае ваяводства) і Сташаве (Свентакшыскае ваяводства).
Кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі падчас дэмантажу помніка Чырвонай Арміі ў Глыбчыцах заявіў, што гэты помнік – помнік хлусні, негістарычны помнік. Бо Саветы не прынеслі свабоды Польшчы ў 1945 годзе ні ў Глыбчыцах, ні на даваенных тэрыторыях ІІ Рэчы Паспалітай.
Наўроцкі нагадаў постаць і лёс памерлага ў аўторак капітана Мар’яна Маркевіча, рэпрэсаванага камуністамі салдата Арміі Краёвай, пазней жыхара Глыбчыц, удзельніка аперацыі «Бура» ў Вільні, які змагаўся з Саветамі. У 1947 годзе ён быў арыштаваны і асуджаны на 15 гадоў лагеру. У 2017 годзе прэзідэнт Рэспублікі Польшча ўзнагародзіў яго Афіцэрскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы.
Маркевіч пасля прысуду на 15 гадоў зняволення вымушаны быў шукаць месца, дзе быў бы ананімным. Ён прыехаў у Глыбчыцы. Пасля 1980 года Маркевіч будаваў у Глыбчыцах структуры «Салідарнасці».
«Мар’ян Маркевіч не дажыў да гэтага моманту, але адным з яго жаданняў было, каб гэты помнік ганьбы, помнік перамогі катаў над ахвярамі знік з горада Глыбчыцы. Сёння мы можам паведаміць перад капітана, што гэты момант адбываецца», – дадаў Наўроцкі.
Помнік «Удзячнасць Чырвонай Арміі» ў Глыбчыцах быў устаноўлены ў 1945 годзе ў гарадскім парку. Ён ушанаваў памяць чырвонаармейцаў, якія загінулі ў Глыбчыцкім павеце. На пастаменце былой калоны Перамогі ў памяць пра прускія перамогі канца ХІХ стагоддзя ўсталяваны абеліск з фігураю савецкага салдата з аўтаматам, унізе пастамента знаходзіцца таблічка з надпісам: Глыбчыцы».
Знос помніка ў Глыбчыцах прадугледжвае дэмантаж абеліска і фігуры савецкага салдата з захаваннем гістарычнага пастамента ХІХ стагоддзя, на якім размесціцца новы мемарыяльны знак, створаны на сродкі Інстытута нацыянальнай памяці.
PAP / вх