Беларуская Служба

Польшча адмовіла міністру замежных спраў Расіі Сяргею Лаўрову ва ўдзеле ў саміце АБСЕ

19.11.2022 10:53
Гаворка ідзе пра сустрэчу некалькіх дзясяткаў міністраў замежных спраў краін АБСЕ.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.screen www.gov.pl

«Мы не чакаем візіту міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова на саміт АБСЕ ў пачатку снежня ў Лодзі. Пазіцыя польскага МЗС была перададзена расійскаму боку ў дыпламатычнай ноце», – паведаміў прэс-сакратар МЗС Лукаш Ясіна.

Раней у пятніцу агенцтва AFP са спасылкай на крыніцы ў польскім старшынства ў АБСЕ паведаміла, што Польшча, якая з'яўляецца арганізатарам запланаванай на пачатак снежня сустрэчы міністраў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), адмовіла кіраўніку расійскай дыпламатыі Сяргею Лаўрову ва ўездзе ў краіну.

«Мы чакаем, што Расійская Федэрацыя абярэ членаў сваёй дэлегацыі ў адпаведнасці з дзейснымі правіламі», – сказаў суразмоўца AFP, які таксама растлумачыў, што ў склад гэтай дэлегацыі не павінны ўваходзіць «асобы, якія трапілі пад санкцыі Еўрасаюза пасля незаконнай агрэсіі Расіі супраць Украіны 24 лютага, у тым ліку міністр Лаўроў. AFP таксама піша, што польскае старшынства ў АБСЕ пацвердзіла, што атрымала ліст пратэсту ад расійскай дэлегацыі пасля прыняцця гэтага рашэння.

Гаворка ідзе пра запланаваную на 1 і 2 снежня ў Лодзі сустрэчу некалькіх дзясяткаў міністраў замежных спраў краін АБСЕ.

Раней, у сераду, прэс-сакратар польскага МЗС паведаміў, што Польшча адмовіла ў выдачы візаў чальцам расійскай дэлегацыі АБСЕ, якія павінны былі прысутнічаць на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, запланаванай на 24-26 лістапада ў Варшаве.

«Чальцы дэлегацыі таксама павінны былі пачуць, што іх прыбыццё ў Польшчу будзе парушэннем прынцыпу салідарнасці з Украінай. Рашэнне тычыцца некалькіх парламентарыяў, якія павінны былі прыехаць на трохдзённае пасяджэнне, якое пачнецца ў Варшаве 24 лістапада», – паведаміла радыё RMF.

Асноўнай задачай Парламенцкай асамблеі АБСЕ, створанай у 1992 годзе, зʼяўляецца садзейнічанне міжпарламенцкаму дыялогу для дасягнення мэтаў АБСЕ, умацавання бяспекі і супрацы ў трох вымярэннях: палітычным і ваенным, эканамічным і экалагічным і чалавечым. Парламенцкая асамблея АБСЕ складаецца з парламентарыяў звыш 50 краін.

PAP/нг