Білеты на экспрэс Pendolino, якія і так былі дарагімі, выраслі ў цане найбольш. Цяпер, напрыклад, квіток з Варшавы ў Кракаў каштуе 215 зл. ($50). Урад сцвярджае, што гэта яшчэ невялікі рост цэн у параўнанні з тым, што магло б быць. Бо з рэзерву прэм'ер-міністра Маравецкага ўрад вылучыў для кампаніі PKP Intercity 575 мільёнаў злотых субсідыі.
Прадстаўнікі ўраду тлумачаць: калі б не было такіх ахоўных мер, павышэнне склала б не 12, а 53 працэнты, заявіў нядаўна міністр інфраструктуры Анджэй Адамчык.
Аднак, як выявілася, гэтых сродкаў недастаткова, і перад восеньскімі парламенцкімі выбарамі ўлады краіны гатовыя дадаць PKP яшчэ 200-300 мільёнаў злотых пры ўмове, што сама кампанія таксама стане эканоміць, а ў студзені знізіць цэны на квіткі, адзначыў прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер.
- Мы разглядаем магчымасці, якія дапамогуць знізіць кошт квіткоў, аднак чакаем рашучых дзеянняў і ад кампаніі PKP, якая выкарыстае ўсе меры для разумнай палітыкі кіравання цэнамі, і таксама ўлічыць грамадскі інтарэс. Апазіцыя прапануе знізіць ПДВ да нуля працэнтаў, але ўрад на гэта не пагаджаецца.
PKP абгрунтоўвае, што новы прэйскурант найперш зʼяўляецца вынікам вялікага росту тарыфаў на электраэнергію. У 2019 годзе кошт набыцця электраэнергіі складаў прыкладна 500 мільёнаў злотых, у 2023 годзе прагнозны кошт набыцця электраэнергіі – ажно 1,5 мільярда злотых, гэта значыць у тры разы больш, патлумачылі ў польскай чыгунцы PKP.
яс