Беларуская Служба

Л. Ясіна з МЗС Польшчы: Вакол уступлення Швецыі і Фінляндыі ў НАТА ідзе палітычная гульня

30.01.2023 09:31
Лукаш Ясіна нагадаў, што Польшча ратыфікавала пагадненне аб прыёме абедзвюх краін у НАТА. 
-
Прэс-сакратар польскага Міністэрства замежных спраў Лукаш ЯсінаŁukasz Jasina, źródło: MSZ

На думку прэс-сакратара МЗС Польшчы Лукаша Ясіны, калі б Швецыя не была прынятая ў НАТА, гэта дрэнна б паўплывала на бяспеку дзяржаў Балтыйскага мора. Такім чынам ён пракаментаваў заявы прэзідэнта Турцыі, які сказаў, што варта адобрыць толькі кандыдатуру Фінляндыі.

Лукаш Ясіна заявіў у эфіры Польскага радыё 24, што вакол уступлення Швецыі і Фінляндыі ў НАТА вядзецца палітычная гульня. Паводле яго слоў, гэта доўжыцца з чэрвеньскага саміту Альянсу ў Мадрыдзе, калі было не зусім зразумела, ці пагодзіцца Турцыя на падпісанне пратаколаў аб далучэнні абедзвюх краін. «Спадзяюся, што гэта наступіць», – падкрэсліў госць ПР.

Лукаш Ясіна нагадаў, што Польшча ратыфікавала пагадненне аб прыёме абедзвюх краін у НАТА. «Мы з нецярпеннем чакаем як мага хутчэйшага прыняцця Фінляндыі і Швецыі», – дадаў ён і нагадаў, што Венгрыя павінна падпісаць дакументы ў лютым.

Турцыя патрабуе ад Швецыі, сярод іншага, выдачы 120 чалавек, якіх Анкара лічыць тэрарыстамі. У той жа час яна прыпыніла перамовы са Швецыяй і Фінляндыяй у сувязі са спаленнем Карана перад амбасадай Турцыі ў Стакгольме.

IAR/нг