Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі даручыў Міністэрству юстыцыі тэрмінова ўзмацніць строгасць палажэнняў Крымінальнага кодэкса аб жорсткім абыходжанні з людзьмі, у прыватнасці з дзецьмі. Гэта наступствы смерці васьмігадовага Каміля, які падвяргаўся гвалту з боку айчыма і памёр ад атрыманых траўмаў.
Матэвуш Маравецкі зазначыў, што ён адкрыта казаў і раней, што за злачынствы з асаблівай жорсткасцю, супраць нявінных ахвяр, ён асабіста выступае за тое, каб аднавіць смяротнае пакаранне, але сёння яно адменена ва ўсёй Еўропе.
Паводле кіраўніка польскага ўраду, да злачынцаў, якія катуюць іншых людзей, а тым больш, дзяцей, не павінна быць літасці:
- Нават ніжнія межы пакарання, якое павінен панесці бандыт, дэгенерат, зусім занадта нізкія. Паўгода, ці некалькі месяцаў паводле першага артыкулу і адзін год у другім артыкуле. За гвалт з асаблівай жорсткасцю? Гэта павінна быць значна больш жорсткае пакаранне для такіх монстраў, якія знішчаюць жыццё бездапаможнага дзіцяці і робяць гэта наўмысна.
Прэмʼер-міністр паведаміў, што Мінюст «без лішняга замаруджання» зробіць правілы больш жорсткімі.
У панядзелак памёр васьмігадовы Каміль з Чэнстаховы. З 3-га красавіка ён знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі. Яго збіваў айчым, які біў хлопчыка нагамі, абпальваў яго цыгарэтамі, абліваў кіпенем і ставіў на распаленую печ. Маці Каміля не рэагавала і не абараняла сына. Пашкоджанні дзіцяці ахапілі 25 працэнтаў цела, у тым ліку ўвесь твар, тулава, рукі і ногі.
яс/IAR/PAP