Беларуская Служба

У Варшаве праходзіць перадвыбарчы з'езд кіроўнай партыі «Права і справядлівасць»

13.05.2023 16:03
Праца над новай праграмай была падзелена на дзесяць тэматычных панэляў.
   .
Старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі.фота: PAP/Leszek Szymański

Старшыня кіроўнай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі адкрыў першы перадвыбарчы праграмны з’езд групоўкі. Двухдзённае мерапрыемства праходзіць у Варшаве.

З'езд прысвечаны распрацоўцы праграмы перад будучымі выбарамі ў парламент. Яраслаў Качыньскі заявіў, што добрая палітыка – гэта разумныя дзеянні дзеля агульнага дабра. Ён падкрэсліў, што ягоная партыя працягне дыялог з палякамі, каб у новай праграме мець магчымасць адказаць на іх патрэбы. І дадаў, што добрае кіраванне служыць усім грамадзянам, незалежна ад таго, кім яны зʼяўляюцца і якія іх палітычныя перакананні.

Як адзначыў у сваім выступе лідар ПіС, праца над новай праграмай была падзелена на дзесяць тэматычных панэляў – тры будуць датычыць эканамічных пытанняў, а адну з іх узначаліць прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі. Ён таксама сказаў, што для яго партыі важны пастулат роўнасці ў многіх сферах жыцця. Гаворка ідзе аб роўнасці развіцця гораду і вёскі, роўнасці грамадзян перад судом і адміністрацыяй.

Старшыня «Права і справядлівасці» таксама сказаў, што Польшча, каб быць суверэннай, павінна быць моцнай. Ён звярнуў увагу на тое, што яго групоўка будуе эканамічную і ваенную моц Польшчы, умацоўвае духоўную і маральную сілу палякаў.

IAR/нг