Беларуская Служба

Новая ўрадавая праграма прафінансуе адноўлення каля 5 тыс. помнікаў гісторыі па ўсёй Польшчы

15.07.2023 09:52
Агульная сума гэтай праграмы склала больш за 2,5 млрд злотых (каля 560 млн еўра).
Ілюстрацыя Фота:

Амаль 5 тыс. праектаў атрымаюць фінансаванне ў рамках польскай дзяржаўнай праграмы рэканструкцыі помнікаў гісторыі. Агульная сума гэтай праграмы склала больш за 2,5 млрд злотых (каля 560 млн еўра).

Аб пачатку першага этапу праграмы 14 лпеня аб'явілі прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі і міністр культуры Пётр Гліньскі. Кіраўнік польскага ўрада падкрэсліў, што гэта абсалютна ўнікальная праграма, якой яшчэ не было ў Польшчы:

-Кожная гміна атрымае магчымасць рэалізаваць два праекты. Гэтая праграма ахопіць усе куткі Польшчы, у прамым і пераносным сэнсе. У розных мясцовасцях будуць адноўленыя розныя помнікі гісторыі, якія зноў здабудуць сваю былую прыгажосць і стануць магнітам, які прыцягне турыстаў не толькі ў Кракаў, Варшаву, Вроцлаў, Гданьск, але і ў невялікія гарады і мясцовасці, якія таксама атрымаюць падтрымку, паводле гэтай праграмы.

Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётр Гліньскі падкрэсліў, што цікавасць да ўрадавай праграмы з боку мясцовых улад вельмі вялікая.

Урадавае фінансаванне праектаў па аднаўленні помнікаў гісторыі ў рамках гэтай праграмы можа складаць максімум 98% ад агульнай цаны інвестыцыі, пры мінімальным уласным укладзе ў памеры 2% на суму да 3, 5 млн злотых.

Беззваротная дзяржаўная дапамога можа быць выкарыстана для фінансавання работ па захаванні, рэстаўрацыі і будаўніцтве помнікаў, унесеных у рэестр.

IAR/ez