Беларуская Служба

Польшча ўзмацняе ваенную прысутнасць уздоўж усходняй мяжы ў сувязі з прыбыццём у Беларусь вайскоўцаў з ПВК «Вагнер»

24.07.2023 14:15
Маніторынгавая група «Беларускі гаюн» паведаміла, што ў Беларусі дыслакаваныя больш за 3,5 тысячы вайскоўцаў расійскай ПВК «Вагнер». Перавод Групы Вагнера ў Беларусь уяўляе для пагрозу, але гэта чаканы крок, заявіў кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы
  .
Вагнераўцы ў Беларусі.Фота: t.me/orchestra_w

Польшча ўзмацняе ваенную прысутнасць уздоўж усходняй мяжы ў сувязі з прыбыццём у Беларусь вайскоўцаў з ПВК «Вагнер»

Перавод Групы Вагнера ў Беларусь уяўляе для нас пагрозу, але мы чакалі такога кроку – заявіў кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак і дадаў, што Польшча цяпер узмацняе ваенную прысутнасць ва ўсходнім рэгіёне краіны.

«Задача польскіх уладаў – умацаваць мяжу», – сказаў Марыюш Блашчак, вайскоўцы з захаду краіны ўжо перакінутыя на ўсход. «Сэнс у тым, каб адпудзіць агрэсара, паказаць, што нападаць на Польшчу не варта», – сказаў ён.

Ён дадаў, што цягам двух гадоў вядуцца дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю польска-беларускай мяжы, напрыклад праз яе спрабуюць пераправіць «мігрантаў, якіх прывозіць рэжым Лукашэнкі».
«Нягледзячы на ​​будаўніцтва агароджы на мяжы, спробы пераадолець гэтую мяжу ўсё яшчэ ёсць», – дадаў ён.

Маніторынгавая група «Беларускі гаюн» паведаміла, што ў Беларусі дыслакаваныя больш за 3,5 тысячы вайскоўцаў расійскай ПВК «Вагнер».

З 11 ліпеня ў Беларусь было перапраўлена 10 калон расійскіх наймітаў. Яны размешчаныя на вайсковай базе каля вёскі Цэль Магілёўскай вобласці, у цэнтральнай частцы краіны. Там жа размешчана 700 адзінак ваеннага і будаўнічага транспарту. Раней кіраўніцтва ПВК «Вагнер» заяўляла, што плануе перамясціць у Беларусь 10 тысяч вагнераўцаў.

У Міністэрстве абароны Украіны паведамілі, што выведка сочыць за сітуацыяй у Беларусі і не бачыць непасрэднай пагрозы з боку «Групы Вагнера». Амерыканскі Інстытут даследаванняў вайны ў сваёй справаздачы адзначае, што заявы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна пра гатоўнасць наймітаў дзейнічаць супраць Украіны ці пра пагрозу з боку Польшчы з'яўляюцца толькі элементам інфармацыйнай вайны. Амерыканскія аналітыкі падкрэсліваюць, што размешчаная ў Беларусі частка ПВК «Вагнер» не мае цяжкай тэхнікі, неабходнай для правядзення такой аперацыі.

Паводле PAP / IAR / вх