Беларуская Служба

Польшча намерана змагацца ў Судзе Еўразвязу з нелегальнымі нямецкімі адходамі

26.07.2023 12:27
Гаворка ідзе аб 35 тысячах тон нелегальных адходаў на сямі палігонах.
.  .
Смецце. Ілюстрацыйны здымак.фота: Shutterstock/Anastasija Vujic

Польшча падае ў Еўрапейскую камісію скаргу на Германію па справе нелегальна ўвезеных адходаў. Міністр клімату і навакольнага асяроддзя Анна Москва паведаміла, што гэта першы этап разгляду ў Судзе ЕС.

Яна адзначыла, што гаворка ідзе аб 35 тысячах тон нелегальных адходаў на сямі палігонах. Польскі бок неаднаразова звяртаўся да заходняга суседа на дзяржаўным і федэральным узроўні, каб нямецкае смецце было забранае з Польшчы. Міністр Москва заявіла, што нямецкі ўрад адказваў, што гэта ўваходзіць у кампетэнцыю ландаў.

Міністр па справах Еўразвязу Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк сказаў, што на першым этапе Еўрапейская камісія прааналізуе аргументы, якія ўтрымліваюцца ў скарзе. Ён заявіў, што польскі ўрад хацеў вырашыць справу мірным шляхам, але «няма добрай волі з нямецкага боку».

Па словах Шынкоўскага, гэты выпадак у юрыдычным сэнсе не выклікае сумневаў, таму быў запушчаны першы этап працэдуры разгляду скаргаў. Ён сказаў, што ў Еўракамісіі ёсць тры месяцы, каб прааналізаваць скаргу і даць матываванае заключэнне па гэтым пытанні.

IAR/нг