Беларуская Служба

У Польшчы адзначаюць Нацыянальны дзень памяці Варшаўскага паўстання

01.08.2023 14:01
79 гадоў таму пачалося паўстанне супраць жорсткай нямецкай акупацыі ў надзеі вызваліць горад да прыходу Чырвонай Арміі.
Аўдыё
  • 79 гадавіна Варшаўскага паўстання
-    ()                 .
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі (слева) падчас цырымоніі пад звонам камандуючага паўстання генерала Антонія Хрусцеля «Монтэра» ў Музеі Варшаўскага паўстання ў польскай сталіцы.PAP/Paweł Supernak

Паўстанцы прайгралі,  немцы знішчылі польскую сталіцу. Але памяць пра тыя падзеі жыве, 1 жніўня стала Нацыянальным днём памяці ў Польшчы. У гэты дзень польская сталіца ды ўся краіна згадвае гераізм паўстанцаў.

Сёння спаўняецца 79 гадоў з пачатку паўстанцкіх баёў у сталіцы Польшчы. Тое паўстанне ўспрымаецца цяпер не толькі як змаганне за вызваленне горада ад акупантаў, але і барацьбу за свабоду для Польшчы.

1 жніўня 1944 года а 17:00 гадзіне ў Варшаве пачалося паўстанне супраць нямецкіх акупантаў, мэтай якога было самастойнае вызваленне горада перад надыходам Краснай Арміі. Паўстанне было падаўлена немцамі праз 63 дні пры пасіўнасці савецкага боку.

У чарговую гадавіну выбуху Варшаўскага паўстання ў польскай сталіцы з самай раніцы праходзяць урачыстыя святкаванні. Адзін з іх найважнейшых момантаў — цырымонія ў парку імя генерала Густава Орліча-Дрэсэра. Менавіта там устаноўлены манумент «Макотаўскія баі 1944». Помнік ушаноўвае памяць макотаўскіх паўстанцаў, жаўнераў палка Арміі Краёвай «Башта» ды іншых падраздзяленняў 5-й акругі 10-й дывізіі Мацея Ратая, якія змагаліся з 1 жніўня па 27 верасня 1944 года з нацыстамі. Баі паўстанцаў у мікрараёне Макотаў былі аднымі з самых працяглых у Варшаве.

Вялікая колькасць варшавян і моладзі прыйшла ў парк генерала Орліча-Дрэсэра ў Макотаве. У рамках цырымоніі быў узняты дзяржаўны сцяг. Быў запалены «Агонь памяці», прывезены «Эстафетай пакаленняў» з Магілы невядомага жаўнера. Удзельнікі цырымоніі ўсклалі вянкі і букеты да помніка генералу Орлічу-Дрэзеру.

Міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк сказаў, што Варшаўскае паўстанне паказала, што палякі ніколі не пераставалі думаць пра свабоду, на працягу ўсёй сваёй гісторыі палякі мусілі змагацца за незалежнасць сілай.

- Гэта тоеснасць палякаў, тоеснасць польскай нацыі, якая за тысячу гадоў свайго існавання ў неспрыяльнай геапалітычнай сітуацыі, ніколі не пагадзілася з тым, каб перастаць думаць змагацца за свабоду. Наша нацыя свядомая таго, што за свабоду трэба ўвесь час змагацца. Пра гэта думалі варшаўскія паўстанцы 79 год таму, калі пачыналі паўстанне.

Прэзідэнт Анджэй Дуда ўшанаваў памяць Варшаўскага паўстання ўскладаннем кветак да дошкі ахвяр нямецкага перасыльнага лагеру ў Зяленцы ў мікрараёне Ахота. У сваёй прамове прэзідэнт падкрэсліў, колькі пакут нанеслі жыхарам гэтага раёну акупанты, галоўным чынам эсэсаўцы з расійскага калябарацыянісцкага фармавання РОНА. Прэзідэнт згадаў, што гераізм праявілі не толькі паўстанцы, але і мірныя жыхары.

- Мірныя жыхары дапамагалі паўстанцаў ды пакутавалі. Няўзброеных мірных людзей забівалі ў розных раёнах горада. Гэта быў свядомы генацыд. Нельга забываць, што падчас Варшаўскага паўстання забіта больш за 180 тысяч жыхароў сталіцы. Гэтую жудасную цану палякі ды Варшава заплацілі за сваю прагу да свабоды, за сваю барацьбу.  

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ўсклаў кветкі да памятнай дошкі прэзідэнту Польшчы Леху Качыньскаму, а таксама да звону «Montera» ў Музеі Варшаўскага паўстання. Кіраўнік ураду сказаў, што паўстанне было адной з найважнейшых падзей у польскай гісторыі.

- Варшаўскае паўстанне – гэта такое здарэнне ў нашай гісторыі, якое прынесла значныя наступствы, якія пазней пасля вайны моцна паўплывалі на хаду падзей. Яна ёсць важнай і для сённяшняга дня. Мы не ведаем усяго яшчэ пра паўстанне, але памяць пра яго жыве ў нас.

Дырэктар Музея Варшаўскага паўстання Ян Олдакоўскі сказаў, што адзін з найважнейшых элементаў святкавання стала ўшанаванне гадзіны «W», то бок пачатку паўстання. А 17-й гадзіне па ўсёй Варшаве, а таксама шмат дзе ў краіне ўключаюцца сірэны трывогі. У гэты асаблівы момант усе спыняюцца на хвіліну цішыні.

- У Варшаве адбылася дэманстрацыя сотняў тысяч чалавек, якія спыніліся на хвіліну, затрымалі свае машыны ці ровары, а госці рэстаранаў усталі. Нават з-за мяжы прыязджаюць людзі, каб паглядзець на гэтую падзею. Такую урачыстасць нідзе больш не ўбачыш.

Памяць пра паўстанне аб’ядноўвае палякаў, заявіў у эфіры Польскага радыё міністр у канцылярыі прэзідэнта Войцех Каларскі.

- Сёння мы ўспрымаем паўстанне як фундаментальную падзею, якая фармуе менталітэт. Сёння гэта не толькі наша гісторыя, але сведчанне нашай адданасці свабодзе, разуменне таго, што дзякуючы папярэднім пакаленням ідэя свабоды была пранесеная праз гады і перададзеная наступнаму пакаленню Салідарнасці. Сёння мы жывём у свабоднай Польшчы.

Намеснік дырэктара Бюро гістарычных даследаванняў Інстытута нацыянальнай памяці доктар Конрад Грачык сказаў Польскаму радыё, што памяць пра Варшаўскае паўстанне мае нацыянальную важнасць.

- На маю думку, гэта агульнанацыянальная падзея, якая яднае не толькі жыхароў Варшавы ды прыезджых, але ўсіх палякаў. Нягледзячы на трагічны лёс паўстання, мы сёння яднаемся ў гэты дзень. Гэта пазітыўныя наступствы.

79 год таму ў Варшаве пачалося паўстанне супраць нямецкіх акупантаў. Нацыянальны ўрад ды ўлады Варшавы сёння арганізавалі ўрачыстасці ўшанавання  памяці паўстанцаў ды мірных жыхароў сталіцы, якія сталі ахвярамі чыстак, зарганізаваных нацыстамі, каб адпомсціць за паўстанне.

Юры Ліхтаровіч