Жыццю Міхаіла Саакашвілі пагражае небяспека – мяркуюць лекары, якія абследавалі былога прэзідэнта Грузіі ў ліпені. Брусельская карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка неафіцыйна даведалася, што гэтыя высновы атрымаў Брусель. Гэтае пытанне таксама было адной з тэмаў учорашняй сустрэчы старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен з амбасадарамі 27 краін-членаў ЕС.
Былога прэзідэнта Грузіі агледзелі польскія лекары. Першай пра іх візіт у Тбілісі ў ліпені паведаміла Бэата Пламэцка. Доўгі час улады Грузіі не хацелі пускаць замежных лекараў. Нарэшце дазволілі прыехаць. Медыцынскую місію прапанавала Польшча, якая таксама заявіла пра гатоўнасць прыняць Саакашвілі на лячэнне.
Стан здароўя экс-прэзідэнта Грузіі даўно выклікае занепакоенасць у Еўропе і ЗША. Інфармацыя паступала ад родных і сяброў, а таксама з афіцыйных заяваў уладаў Грузіі. Цяпер пра пагрозу жыццю кажуць лекары.
Некалькі дыпламатаў Еўрасаюзу ў інтэрв'ю брусельскай карэспандэнтцы Польскага радыё заявілі, што хацелі б падрабязна азнаёміцца са справаздачай, але таксама дадалі, што гэтая інфармацыя выклікае занепакаенне. Каментары дыпламатаў з нашага рэгіёну гучаць адназначна. «Былога прэзідэнта забіваюць на вачах свету», – сказаў адзін з іх Беаце Пламецкай.
Польшча лічыць, што Еўрапейская камісія павінна аказаць ціск на ўлады ў Тбілісі, што старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, выступаючы праз дзесяць дзён у Еўрапарламенце са сваёй прамовай аб стане ЕС, павінна сказаць пра гэта і атрымаць падтрымку дэпутатаў акцый па вызваленні Саакашвілі. Улады ў Тбілісі працяглы час праводзяць палітыку саступак Маскве, і гэта добра бачна пасля нападу Расіі на Украіну. А 15 гадоў таму менавіта Грузія, калі яе прэзідэнтам быў Міхаіл Саакашвілі, спрабавала спыніць агрэсію Масквы. Цяпер расійскія палітыкі адкрыта кажуць, што такі ж лёс, як і Саакашвілі, напаткае прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Міхаіл Саакашвілі быў прэзідэнтам Грузіі з 2004 па 2013 гады. У кастрычніку 2021 года яго пасадзілі за нібыта злоўжыванне ўладай. Захад, які не ўхваляў усе яго дзеянні, назваў прысуд вельмі спрэчным. Сам Саакашвілі падкрэсліваў, што абвінавачванні маюць палітычную матывацыю. Экс-прэзідэнт Грузіі пасля зняволення абвясціў галадоўку. Праз некалькі месяцаў яго даставілі ў шпіталь, дзе ён знаходзіцца дагэтуль.
IAR/нг