Адзін з ініцыятараў інтэрнэт-кампаніі #MuremZaPolskimMundurem, генерал брыгады лётчык запасу Дарыюш Вроньскі заклікаў паважаць людзей, якія носяць форму і абараняюць польскую мяжу. Як ён паведаміў падчас прэс-канферэнцыі, зварот звязаны, між іншым, з фільмам Агнешкі Холанд «Зялёная мяжа».
Генерал падкрэсліў, што «мы не можам пагадзіцца на паклёп і пляўкі на польскую форму і на тое, каб такое паведамленне распаўсюджвалася па свеце».
Дарыюш Вроньскі таксама сказаў, што ініцыятыва па абароне польскіх вайскоўцаў аб'ядноўвае шмат людзей розных прафесій з Польшчы і з-за мяжы. Іх яднае павага да людзей, якія носяць форму і абараняюць польскія межы. «Польскія жаўнеры – гэта сумленныя, ганаровыя і адважныя людзі», – падкрэсліў ён.
Генерал Дарыюш Вроньскі паведаміў, што ў гэтую пятніцу ў Мельніку Падляскага ваяводства а 17.30 будзе арганізаваны «Ланцуг падтрымкі» як жэст салідарнасці з жаўнерамі і памежнікамі. Затым адбудзецца канцэрт у падзяку ім за службу.
IAR/нг