У пятніцу ў Беластоку завяршыліся двухдзённыя праваслаўныя царкоўныя ўрачыстасці, звязаныя з 31-й гадавінай перанясення сюды з Гродна ў Беларусі мошчаў свяшчэннамучаніка Гаўрыіла, святога Беластоцкай зямлі і апекуна праваслаўнай моладзі.
У чацвер рэліквіі вярнуліся ў Беласток са Звяркоў каля Заблудава на Падляшшы, дзе яны захоўваліся з траўня, то бок з часу штогадовых урачыстасцей у гонар мучаніка.
Зверкі – радзімая вёска святога Гаўрыіла. Адзінаццаць гадоў таму тут быў асвечаны праваслаўны храм яго імя, а таксама дзейнічае жаночым манастыры Нараджэння Прасвятой Богародзіцы Марыі .
У пятніцу галоўная літургія ў беластоцкім праваслаўным саборы святога Мікалая завяршылася працэсіяй з мошчамі Гаўрыіла, у якой прынялі ўдзел не толькі іерархі Польскай праваслаўнай царквы, але таксама дэлегацыі Балгарскай праваслаўнай царквы і Іерусалімскага патрыярхату.
Гаўрыіл Гаўдэль нарадзіўся ў 1684 годзе ў праваслаўнай сялянскай сям'і. Калі яму было шэсць гадоў, ён быў выкрадзены з дому пры нявысветленых абставінах і забіты. Пахаваны на могілках у роднай вёсцы.
На згаданых могілках хавалі таксама дзяцей, якія памерлі падчас чумы ў 1720 годзе. Падчас аднаго з пахаванняў выпадкова былі адкапаныя астанкі святога, якія аказаліся цалкам захаванымі. Астанкі былі перанесеныя ў крыпту касцёла ў Зверках. Мяркуецца, што гэтая падзея паспрыяла спыненню эпідэміі.
PAP/аз