Анджэй Дэра з Канцылярыі прэзідэнта запэўнівае, што сустрэчы кіраўнікоў Польшчы і Украіны «адбудуцца», і Польшча працягне дапамагаць сваёй суседцы.
У эфіры Польскага радыё прэзідэнцкі чыноўнік пракаментаваў апошнюю дыскусію паміж прэзідэнтамі абедзвюх краінаў, якая пачалася з пытання імпарту ўкраінскага збожжа ў Польшчу. Анджэй Дэра падкрэсліў, што асновы польска-ўкраінскага супрацоўніцтва нязменныя, хаця абедзве краіны маюць свае інтарэсы, якія павінны абараняць:
- Польскі ўрад абараняе інтарэсы палякаў, а Украіна дбае пра свае справы. Украіне найперш патрэбныя грошы. Калі казаць пра фундаменты польска-украінскіх узаемаадносін, то яны нязменныя – Польшча падтрымлівала і будзе падтрымліваць Украіну. Таксама цяжка сабе ўявіць адбудову Украіны без удзелу Польшчы. Усе пастаўкі ідуць праз Польшчу, Польшча паставіла найбольш узбраення і зрабіла гэта хутчэй за ўсіх, што мела вялікае значэнне.
Уладзіслаў Тэафіль Барташэўскі з кааліцыі «Трэці шлях» адзначыў, што апошнія жэсты Кіева ў бок Нямеччыны паказваюць на перавагу Берліна над Польшчай у адносінах з Кіевам:
- Украінцы ацаніўшы сітуацыю рэальна і прагматычна скажуць: нам лепш апірацца на Нямеччыну. Ужо цяпер Нямеччына займае другое месца за ЗША па маштабу фінансавай падтрымкі для Украіны. Польшча дала найбольш зброі пасля амерыканцаў і ангельцаў. Аднак па фінансавай падтрымцы немцы нумар два і гэта так і застанецца.
Радаслаў Фогель з «Права і справядлівасць», кіраўнік парламенцкага камітэта па замежных справах, заявіў, што Варшава цалкам адданая працы на перамогу Украіны. Ён зазначыў, што Кіеў павінен разумець, што абвастрэнне стасункаў з Варшавай – не самая разумная палітыка. Ён дадаў, што Польшча адкрытая на перамовы:
- Тэлефонная сувязь працуе. Міністр сельскай гаспадаркі Тэлюс размаўляў са сваім украінскім адпаведнікам. Я лічу, што варта абмежаваць умешванне медыя, гэта напэўна бы нам дапамагло. Але ж мы не будзем кіраваць украінцамі як дзецьмі.
Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны ацанілі, што прэзідэнт Анджэй Дуда яшчэ раз пацвердзіў пазітыўныя польска-ўкраінскія адносіны, нягледзячы на нядаўнія спрэчкі пасля таго, як Польшча працягнула забарону на імпарт збожжа з Украіны. Прэзідэнт запэўніў, што Польшча будзе пастаўляць Украіне зброю і ў будучыні, але гэта не будзе новая зброя, бо, як падкрэсліў Анджэй Дуда, яна патрэбная польскай арміі.
яс