Беларуская Служба

Памежная служба ўвяла на польска-славацкай мяжы праверку транспартных сродкаў, якія могуць перавозіць нелегальных мігрантаў

26.09.2023 10:21
З пачатку года колькасць мігрантаў, затрыманых на мяжы са Славакіяй, павялічваецца.
Straż Graniczna wprowadziła na granicy polsko-słowackiej stałe i doraźne kontrole busów i innych pojazdów mogących przewozić nielegalnych migrantów.
Straż Graniczna wprowadziła na granicy polsko-słowackiej stałe i doraźne kontrole busów i innych pojazdów mogących przewozić nielegalnych migrantów.Shutterstock/ffolas

У сувязі з павелічэннем міграцыйнага ціску ўздоўж Балканскага маршруту праз Славакію, Памежная служба Польшчы ўвяла пастаянныя і спецыяльныя праверкі на польска-славацкай мяжы аўтобусаў і іншых транспартных сродкаў, якія могуць перавозіць нелегальных мігрантаў з гэтага кірунку, паведаміў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі.

Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі ў панядзелак заявіў, што даручыў кіраўніку Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі праверыць на польска-славацкай мяжы аўтобусы і аўтамабілі, якімі могуць карыстацца мігранты, што не маюць права на ўезд у Польшчу. Апошнім часам Памежная ахова затрымлівае там усё больш людзей, якія праз Польшчу спрабуюць нелегальна трапіць у Нямеччыну, праз так званы Балканскі маршрут.

Прэс-сакратар памежнай аховы лейтэнант Ганна Міхальска падкрэсліла ў інтэрвʼю PAP, што некаторы час таму фармаванне ўзмацніла патруляванне на мяжы са Славакіяй, а таксама на мяжы з Чэхіяй. Гэта ўнутраная мяжа Еўрасаюза, на якой, у адпаведнасці з Шэнгенскім памежным кодэксам, адсутнічае памежны кантроль.

Яна адзначыла, што калі была вялікая хваля міграцыі, былі прававыя інструменты, каб, напрыклад, аднавіць часовы памежны кантроль. Такія рашэнні ўводзяцца пастановай Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

З пачатку года колькасць мігрантаў, затрыманых на мяжы са Славакіяй, сістэмна павялічваецца. У студзені іх было тры чалавекі, у лютым – шэсць, у сакавіку – 34, у красавіку – сем, у траўні – 22, у чэрвені – 29, у ліпені – 48, у жніўні – 163. Гэта дае больш за 300 затрыманых, у той час як за аналагічны перыяд мінулага года іх было 72. У верасні здаралася, што за суткі на розных участках польска-славацкай мяжы быў затрыманы 101 чалавек.

PAP / вх