«У сувязі са скандальнымі падзеямі ў канадскім парламенце, звязанымі з ушанаваннем члена злачыннага нацысцкага фармавання SS Galizien у прысутнасці прэзідэнта Зяленскага, я прыняў меры да магчымай экстрадыцыі гэтага чалавека ў Польшчу», – паведаміў кіраўнік Міністэрства адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк.
Пшэмыслаў Чарнэк накіраваў ліст у Камісію па пераследзе злачынстваў супраць польскага народу пры Інстытуце нацыянальнай памяці. Ён нагадаў, што 22 верасня спікер Палаты абшчын Канады Энтані Рота ў прысутнасці прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прэм'ер-міністра Канады Джасціна Трудо ўшанаваў 98-гадовага Яраслава Гуньку, які служыў у складзе 14-й грэнадзёрскай дывізіі SS Galizien падчас Другой сусветнай вайны.
«Ён прадставіў яго як канадска-ўкраінскага ветэрана Другой сусветнай вайны, які змагаўся за незалежнасць Украіны супраць расіян. (...) Публіка ўзнагародзіла 98-гадовага ветэрана авацыямі», – адзначыў Чарнэк.
Міністр Пшэмыслаў Чарнэк звярнуўся да Інстытуту нацыянальнай памяці з просьбай «тэрмінова вывучыць дакументы, ці знаходзіцца Яраслаў Гунька ў вышуку за злачынствы супраць польскага народу і палякаў габрэйскага паходжання». Прыкметы такіх злачынстваў зʼяўляюцца падставай для звароту ў Канаду аб яго экстрадыцыі", — заявіў міністр.
Фармаванне SS Galizien, былы вайсковец з якога Яраслаў Гунько быў запрошаны ў канадскі парламент, адзначылася асабліва жорсткімі аперацыямі супраць тысяч габрэяў і палякаў ва ўсходняй Польшчы падчас Другой сусветнай вайны, заявіў у аўторак у канадскім парламенце дэпутат Ірэк Кусмерчык.
Канадскі палітык з польскімі каранямі Ірэк Кусмерчык (Irek Kusmierczyk) адзначыў, што прысутнасць Гунькі ў парламенце стала непрыемным фактам для ўсіх палякаў, у тым ліку для тых, хто жыве ў Канадзе. Кусмерчык падкрэсліў, што спікер Палаты абшчын Энтані Рота адразу прызнаў сваю памылку і ўзяў на сябе ўсю адказнасць, але задача дэпутатаў – зрабіць так, каб падобная сітуацыя ніколі больш не паўтарылася ў парламенце Канады.
«Для многіх палякаў і польскіх канадцаў верасень – цяжкі месяц», – сказаў Кусмерчык, нагадаўшы, што ў верасні 1939 году распачалася нямецка-савецкая агрэсія супраць Польшчы. Дэпутат адзначыў, што падчас Другой сусветнай вайны загінула 6 мільёнаў палякаў, гэта значыць пятая частка ўсіх грамадзян.
IAR/РАР/ вх