Беларуская Служба

Следства ўстанавіла, што ракета ўкраінскай СПА забіла двух чалавек у Пшэводаве ў лістападзе мінулага года

26.09.2023 13:26
Украінская ракета супрацьпаветранай абароны выбухнула каля мястэчка Пшэводаў на ўсходзе Польшчы і забіла двух чалавек – такое меркаванне польскіх экспертаў у следстве пракуратуры. Пракуратура не хоча раскрываць, адкуль менавіта была выпушчаная ракета.
Prokuratura nie chce ujawnić, z jakiego dokładnie miejsca wystrzelono rakietę, która eksplodowała pod Przewodowem
Prokuratura nie chce ujawnić, z jakiego dokładnie miejsca wystrzelono rakietę, która eksplodowała pod PrzewodowemФота: Policja

Нягледзячы на ​​адсутнасць супрацоўніцтва з украінскага боку, які пакуль не перадаў Польшчы ніякіх матэрыялаў, следчыя зрабілі ўласныя высновы пра яе прычыны. Меркаванне катэгарычнае і выключае, што ракета, якая ўпала на сушыльную камеру ў сельгаспрадпрыемстве вечарам 15 лістапада 2022 года і разарвалася, забіўшы двух фермераў, магла быць выпушчаная з Расіі.

Ракета была выпушчаная ўкраінскай устаноўкай СПА С-300.

– Сапраўды, мы атрымалі заключэнне, але з-за яго канфідэнцыйнага характару мы не раскрываем яго змест, – пацвярджае Rzeczpospolita прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Лукаш Лапчынскі. І падкрэслівае, што «на цяперашнім этапе расследавання доказная дзейнасць у краіне вычарпаная». – Мы накіравалі ва Украіну заяўку аб прававой дапамозе і чакаем адказу, – адзначае ён.

15 лістапада 2022 года працягваліся масіраваныя расійскія абстрэлы заходняй Украіны, у тым ліку вугальнай электрастанцыі пад Львовам. Ракеты СПА былі выпушчаныя з Украіны парамі (для павышэння эфектыўнасці) – адна трапіла ў цэль, другая працягнула ляцець «ухаластую».

– У такой сітуацыі, калі ракета знаходзіцца на пэўнай вышыні, наяўныя ў ёй механізмы павінны выклікаць яе самаліквідацыю. Гэтага не адбылося. Нам невядома чаму, – кажуць крыніцы выдання, знаёмыя з вынікамі расследавання.

Гэтая ракета мае радыус дзеяння ад 75 да 90 км. У той час расійскія пазіцыі знаходзіліся ў месцы, адкуль расійскія ракеты не маглі даляцець да Пшэводава, мяркуюць следчыя. Яны выключылі, што ракета была запушчаны з Беларусі.

«Нават зыходзячы з таго, што расійскія фармаванні знаходзіліся ў Беларусі, ад месца, дзе яны тады былі, да Пшэводава па прамой 150 км. Па-другое, такіх ракет у расіян у Беларусі няма», – адзначылі крыніцы выдання.

У выніку выбуху ракеты ў Пшэводаве загінулі двое мужчын 59 і 60 гадоў. Расследаванне было ініцыявана Мазавецкім аддзелам па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

Праз два дні пасля выбуху ў Пшэводаў прыехалі ўкраінскія чыноўнікі і хацелі ўзяць удзел у мерапрыемствах. Міністар замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба напісаў у Twitter, што «на месцы трагедыі ў Пшэводаве, прычынай якой стаў расійскі ракетны тэрор супраць Украіны, ужо працуюць украінскія эксперты».

Рашэннем пракуратуры ім быў перакрыты праход на месца здарэння – яны бачылі толькі рэшткі ракеты і варонку.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абверг факт падзення ўкраінскай ракеты ў Пшэводаве. «Я не сумняваюся, што гэта была не наша ракета», – сказаў Зяленскі.

Аднак прэзідэнт ЗША Джо Байдэн хутка абверг гэтую заяву, паведаміўшы партнёрам па G7 і НАТА, што выбух у Польшчы быў выкліканы ўкраінскай ракетай супрацьпаветранай абароны.

Паводле Rzeczpospolita / вх