У 84-ю гадавіну стварэння Польскага падполля, у Каралеўскім замку ў Варшаве адбылося ўрачыстае адкрыццё Віртуальнага музею Польскага падполля. Яго калекцыі ўключаюць алічбаваныя дакументы, фотаздымкі, прэсу, аўдыё- і відэазапісы, а таксама трохмерныя выявы надзвычай каштоўных прадметаў, якія паказваюць структуру і лёс падполля.
Старшыня Фонду вялікіх гісторый Мацей Піваварчук адзначыў, што прадстаўленыя гісторыі ўдзельнікаў польскага руху супраціву вылучаюцца сярод іншых выстаў. «Гэта вельмі амбіцыйны праект, над якім мы працавалі тры гады, алічбоўваючы калекцыі і памятныя рэчы, звязаныя з удзельнікамі польскага руху супраціву падчас Другой сусветнай вайны», – растлумачыў гісторык. Ён дадаў, што «гэта крыху іншая гісторыя, чым мы звычайна чуем, таму што тут менш афіцэраў і салдат, больш жанчын, настаўнікаў і простых грамадзян, якія, насуперак злу, узялі на сябе адказнасць за іншых».
Мацей Піваварчук дадаў, што Віртуальны музей Польскага падполля таксама выкарыстоўвае ў сваім праекце каштоўныя запісы Польскага радыё. «Вельмі каштоўнымі з’яўляюцца запісы з дзеячамі польскай падпольнай дзяржавы, якія жылі ў 1950-х, 1960-х і 1970-х гадах, якія мы робім даступнымі дзякуючы супрацы з Польскім радыё», – адзначыў ён.
Гісторык адзначыў, што самае каштоўнае ў Віртуальным музеі польскага падполля – гэта кантакт з крыніцай. Напрыклад, у віртуальным музеі апублікавана пасведчанне аб заканчэнні пачатковай школы вучня з тайных класаў. Ёсць таксама інструкцыя, як праводзіць урокі фізкультуры, калі гэта было забаронена.
Віртуальны музей Польскага падполля прадстаўляе больш за тры тысячы экспанатаў. Спецыяльны алгарытм прапануе індывідуальны экскурсійны маршрут або выставу ў дзвюх моўных версіях: польскай і англійскай. Калекцыя налічвае больш за 1300 прадметаў, якія паходзяць з найбуйнейшых архіўных і музейных устаноў Польшчы і ад прыватных асоб.
Інфармацыя пра праект на сайце: sekretpanstwo.pl. Віртуальны музей польскай падпольнай дзяржавы – гэта арыгінальны праект, рэалізаваны Фондам вялікіх гісторый. Патронам музею з'яўляецца фонд PGE.
IAR/нг