Беларуская Служба

Падляшскія памежнікі затрымалі чатырох мужчын за ўдзел у кантрабандзе людзьмі

18.10.2023 18:03
Затрыманыя палякі і ўкраінец падазраюцца ў арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы.
Польскія памежнікі на ахове мяжы з Беларуссюфота: twitter.com/Straz_Graniczna

Памежная служба затрымала чатырох мужчын, якія мелі дачыненне да арганізацыі нелегальнага перасячэння польскай мяжы з Беларусі. Гэта трое палякаў і адзін грамадзянін Украіны. Падчас ператрусаў кватэр і транспартных сродкаў, звязаных з падазраванымі, былі канфіскаваныя некалькі мабільных тэлефонаў, ноўтбукаў, планшэтаў, СІМ-карт іг.д.

У аднаго з затрыманых – грамадзяніна Польшчы – былі знойдзеныя 779 грамаў, хутчэй за ўсё, наркатычнага рэчыва пад назвай «крышталь».

Раённая пракуратура ў Гайнаўцы прад'явіла аднаму з затрыманых палякаў і ўкраінцу абвінавачанні ў арганізацыі перасячэння дзяржаўнай мяжы насуперак дзеючым правілам. Раённы суд пастанавіў арыштаваць іх на два месяцы.

Астатнім двум грамадзянам Польшчы прадʼявілі абвінавачанне ў пасобніцтве ў арганізацыі нелегальнага перасячэння дзяржаўнай мяжы. Рашэннем раённага суда ім быў прысуджаны паліцэйскі нагляд.

За гэтыя злачынствы Крымінальны кодэкс прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 6 месяцаў да 8 гадоў.

Акцыю арганізавалі ў Вялікапольскім ваяводстве супрацоўнікі Падляшскага аддзелу Памежнай службы.

IAR/аз