Беларуская Служба

У Польшчы разбілі арганізаваную групу, якая скрала ў Германіі больш за 100 аўто і матацыклаў

20.10.2023 08:46
Удзельнікі групоўкі скралі тры шыкоўныя аўтамабілі BMW, якімі карысталіся супрацоўнікі амбасады КНР у Берліне. 
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: BMW/матэрыялы для прэсы

Супрацоўнікі Цэнтральнага следчага бюро паліцыі і памежнай службы Польшчы затрымалі 9 чалавек па справе аб крадзяжы легкавых аўтамабіляў і матацыклаў у Германіі. Устаноўлена, што ўдзельнікі групы маглі выкрасці агулам больш за 100 аўтамабіляў і матацыклаў агульным коштам больш за 5,5 мільёна злотых.

Нацыянальная пракуратура паведамляе, што па месцах жыхарства і знаходжання затрыманых праведзены шматлікія ператрусы, у ходзе якіх выяўленая, у тым ліку, маёмасць, атрыманая ад учыненых злачынстваў, а таксама спецыяльнае абсталяванне, якое выкарыстоўвалася дзеля ўзлому легкавых аўтамабіляў і матацыклаў.

Таксама адбыліся ператрусы ў Германіі. Пракурор прад'явіў затрыманым абвінавачанне ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе.

Злачынствы, якія інкрымінуюцца падазраваным, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да 10 гадоў. У сувязі з небяспекай махлярства, усе падазроныя былі змешчаныя ў следчы ізалятар.

Следчыя ўстанавілі, што група дзейнічала ў перыяд з 2021 па 2023 год. У Германіі злодзеі кралі дарагія легкавыя аўтамабілі і матацыклы. Затым машыны дастаўлялі ў Польшчу і перадавалі іншым асобам. Устаноўлена, што група займалася таксама кватэрнымі крадзяжамі, дзейнічала арганізавана. Аўтамабілі адразу знаходзілі пакупнікоў у Польшчы. Нярэдкія былі і крадзяжы па замовах.

У снежні 2022 года ўдзельнікі групоўкі скралі тры шыкоўныя аўтамабілі BMW, якімі карысталіся супрацоўнікі амбасады КНР у Берліне. У выніку праведзеных мерапрыемстваў у Польшчы канфіскаваныя шматлікія скрадзеныя легкавыя аўтамабілі і матацыклы.

У рамках следства была створана сумесная група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі праваахоўных органаў ФРГ і нямецкай юстыцыі.

IAR/нг