Беларуская Служба

Віцэ-міністр замежных спраў Польшчы: Нельга ігнараваць словы прэзідэнта ЗША

20.10.2023 10:47
«На геапалітычнай дошцы зараз разыгрываецца глабальная шахматная партыя».
Wiceminister Arkadiusz Mularczyk był gościem Programu 1 Polskiego Radia
Wiceminister Arkadiusz Mularczyk był gościem Programu 1 Polskiego RadiaPrzemysław Chmielewski/PR

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Аркадыюш Мулярчык заявіў, што нельга ігнараваць словы прэзідэнта ЗША, які параўнаў дзеянні Расіі супраць Украіны з нападам ХАМАС на Ізраіль. Джо Байдэн у сваім звароце да нацыі падкрэсліў, што ХАМАС і Пуцін уяўляюць розныя пагрозы, але іх аб’ядноўвае адно: яны жадаюць цалкам знішчыць сваіх дэмакратычных суседзяў.

«На геапалітычнай дошцы зараз разыгрываецца глабальная шахматная партыя», – сказаў Аркадыюш Мулярчык у Першай праграме Польскага радыё.

- Несумненна, тое, што адбываецца ў сектары Газа, мае таксама сувязь з Украінай. Справа ў тым, што для Украіны дрэнна, калі ўвага свету, ЗША, Еўрасаюзу звернутая ў іншы бок. Мы не можам забываць, што сёння ўсе тэрарыстычныя дзяржавы, а такой дзяржавай, канешне, з'яўляецца Расія, спрабуюць знішчыць свет, у якім мы жывем – заходні свет дэмакратыі. І яны разыгрываюць гэтую партыю на шматлікіх плоскасцях.

У сваёй прамове прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што нельга дазволіць Расіі ўзяць пад кантроль Украіну, таму што на чарзе могуць быць Польшча або краіны Балтыі. Ён таксама адзначыў, што канфлікты нарастаюць і могуць выклікаць праблемы ў іншых частках свету.

IAR/нг