Беларуская Служба

МЗС Польшчы выказала падтрымку беларусам у трэцюю гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі

12.11.2023 14:02
Забойства маладога ні ў чым невінаватага чалавека і бяскарнасць яго катаў з’яўляецца сімвалам адносін улад у Мінску да ўласнага народу і памкненняў беларусаў да жыцця ў свабоднай краіне - МЗС РП.
МЗС ПольшчыФота: msz.gov.pl

Міністэрства замежных спраў Польшчы ў Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю выказала падтрымку беларусам, якія змагаюцца з рэжымам Лукашэнкі.

Сёння – трэцяя гадавіна забойства Рамана Бандарэнкі сілавікамі дыктатара Лукашэнкі.

У прэс-рэлізе польскае знешнепалітычнае ведамства паведаміла, што забойства маладога ні ў чым невінаватага чалавека і бяскарнасць яго катаў з’яўляецца сімвалам адносін улад у Мінску да ўласнага народу і памкненняў беларусаў да жыцця ў свабоднай краіне. «Дзень 12 лістапада стаў адной са шматлікіх трагічных датаў у найноўшай гісторыі нашых блізкіх суседзяў, які нагадвае пра драматычныя падзеі, што адбываюцца ў Беларусі – тысячы невінаватых сядзяць у турмах і сотні тысяч ратуюцца ад рэпрэсій за мяжой», – паведаміла МЗС Польшчы.

Знешнепалітычнае ведамства падкрэсліла, што рэпрэсіі маюць сістэмны характар і ахопліваюць значную частку насельніцтва, у тым ліку польскую нацыянальную меншасць у Беларусі, пазбаўляючы яе права на свабоднае навучанне польскай мовы, працягванне традыцый і гістарычнай памяці беларускіх палякаў. «Мы чакаем ад улад у Мінску вызвалення ўсіх палітвязняў і пачатку адкрытага дыялогу з грамадствам з мэтай дэмакратычнай трансфармацыі, якая адпавядае жаданню беларускага народу і якая з’яўляецца фундаментам захавання незалежнасці», – напісала польскае МЗС.

Знешнепалітычнае ведамства таксама зазначыла, што Польшча «чуе і разумее заявы незалежнага беларускага асяроддзя аб прыналежнасці беларусаў да еўрапейскай гісторыі і традыцыі ды аб памкненнях да больш блізкіх адносін з Еўропай».

вс