Польскі паліўны канцэрн Orlen купіў нарвежскую кампанію па здабычы газу KUFPEC Norway. Сума здзелкі складае 445 млн долараў ЗША.
З наступнага года польскі канцэрн плануе здабываць на Нарвежскім кантынентальным шэльфе 6 млрд прыроднага газу штогод, паведаміў старшыня праўлення Orlen Даньель Абайтэк.
На сённяшні дзень канцэрн Orlen мае 94 канцэсіі на здабычу нафты і газу на Нарвежскім кантынентальным шэльфе. Сёлета польская кампанія паднялася з дзясятага на восьмае месца сярод фірм па аб'ёме здабычы вуглевадародаў у Нарвегіі.
Канцэрн Orlen – польская прамысловая група, асноўным родам дзейнасці якой з’яўляецца здабыча газу і нафты, а таксама вытворчасць паліва і электраэнергіі. Канцэрн з’яўляецца ўладальнікам буйной сеткі АЗС у Польшчы і Еўропе.
Orlen працуе не толькі на айчынным рынку. Кампанія займаецца бізнесам на рынках Канады, Пакістана, Чэхіі, Германіі, Літвы, Славакіі, Венгрыі і Нарвегіі, а неўзабаве выйдзе на рынак Аўстрыі. Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва групы ахоплівае больш чым 100 краін на шасці кантынентах.
Акрамя таго, Orlen з’яўляецца ўладальнікам электрастанцый, інвестыцыйных фондаў, медыя-канцэрну, сеткі кіёскаў рознічнага гандлю, страхавых і транспартных кампаній, порту, службы паштовай дастаўкі і інш.
Трымальнікам 50% акцый канцэрну Orlen з’яўляецца дзяржава, астатнія належаць фінансавым установам і прыватным інвестарам.
У штогадовым рэйтынгу Fortune 500 Europe польскі энергетычны канцэрн Orlen заняў 44-е месца. Для параўнання, фармацэўтычны гігант Bayer трапіў на 57-е месца, Volvo – на 67-е, а французская касметычная кампанія L'Oréal апынулася на 90-м месцы.
вс