22-гадовая кіроўца Toyota на пешаходным пераходзе збіла шасцігадовае дзіця, якое з цяжкімі траўмамі трапіла ў бальніцу, паведамляе Радыё Беласток. Сведчачы перад судом, дзяўчына патлумачыла, што было цёмна, слізка, ішоў дождж, а бачнасць ускладнялася каляднымі ўпрыгожваннямі.
Гэтыя тлумачэнні не пераканалі суд, які прызнаў яе вінаватай у ненаўмысным парушэнні правілаў бяспекі дарожнага руху, у выніку чаго яна прычыніла цяжкія траўмы хлопчыку, за што прызначыў ёй 10 месяцаў пазбаўлення волі ўмоўна з адтэрміноўкай на 2 гады, а таксама на тры гады забараніў ёй кіраваць транспартнымі сродкамі і абавязаў выплаціць 5 тысяч злотых (1250 долараў).
Пасля аварыі шасцігадовага Мішу адвезлі ў рэанімацыю, дзе ўвялі ў штучную кому. Сямʼя сабрала на лячэнне краўндфандынгам 300 тысяч еўра. Аднак пасля высветлілася, што ў Мішы была карта паляка і яму магла быць аказаная бясплатна экстраная дапамога. Сямʼя частку грошай пералічыла на дабрачынны збор іншаму дзіцяці.
radio.bialystok.pl/nashaniva.com/вх