Маршалак Сейму Шымон Галоўня таксама спаслаўся на словы прэзідэнта Анджэя Дуды, які заявіў у эфіры Radio ZET, што змены ў грамадскіх СМІ павінны адбывацца «праз парламент, захоўваючы палітычную культуру, а не гвалтоўна».
«Я вельмі рады гэтаму, таму што ўчора ў размове са мной і прэм'ер-міністрам Тускам ён выразна заявіў пра сваю волю і такая праца пачнецца», – сказаў маршалак. Ён дадаў, што пытанне грамадскіх СМІ патрабуе заканадаўчага вырашэння і яно павінна адбывацца па ўзгадненні з прэзідэнтам.
Маршалак Сэйму ўчора ўдзельнічаў у паседжанні Рады нацыянальнай бяспекі. Яго склікаў прэзідэнт Анджэй Дуда.
Сенатар ад «Грамадзянскай платформы» Гжэгаж Схэтына абвясціў, што кіруючая кааліцыя будзе супрацоўнічаць з прэзідэнтам у пытанні зменаў у грамадскіх СМІ. У інтэрв'ю 3-й праграме «Польскага радыё» ён падкрэсліў, што ўся палітычная класа павінна супольна знайсці формулу, як зрабіць грамадскае тэлебачанне пазапартыйным.
Палітычная класа павінна супольна знайсці формулу, як зрабіць грамадскае тэлебачанне пазапартыйным
Гжэгаж Схетына дадаў, што без удзелу прэзідэнта Анджэя Дуды ў Польшчы немагчыма ўвесці новы медыйны парадак, які будзе гарантаваць нармальнасць у СМІ. «Мы не можам разглядаць прысутнасць дэпутатаў ці паліцыі ў СМІ як нешта нармальнае. Гэта часова, і я веру, што гэта нармальна скончыцца», – сказаў Гжэгаж Схетына.
Учора міністр культуры Бартламей Сянкевіч прызначыў новых кіраўнікоў Польскага радыё, Польскага тэлебачання і Польскага агенцтва друку. Супраць зменаў пратэстуюць палітыкі цяпер апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць».
IAR/вх