Дэпутаты Камітэту замежных справаў, з якімі размаўляла карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Бэата Пламэцка, лічаць, што абмежаванні ў дачыненні да Беларусі павінны быць падобнымі да абмежаванняў, уведзеных у дачыненні да Расіі.
Няма сумневу, што Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца суагрэсарам і памагатым Уладзіміра Пуціна, таму беларускія санкцыі павінны быць люстраным адбіткам расійскіх – падкрэсліваюць польскія еўрадэпутаты. «Рэжым Лукашэнкі падтрымлівае гэтае ўварванне, не ўдзельнічаючы непасрэдна ў дзеяннях, але гэтая падтрымка важная», – заявіла член Еўрапарламента ад «Права і справядлівасці» Ганна Фатыга.
Анджэй Галіцкі з «Грамадзянскай платформы» лічыць, што ў выпадку Беларусі галоўнае, каб санкцыі супраць Расіі не абыходзіліся. «Супольнасць павінна быць нашмат больш паслядоўнай і жорстка караць тых, хто спрабуе пазбегнуць санкцый, у незразумелых для мяне дзелавых ці палітычных мэтах», – дадаў Анджэй Галіцкі.
З моманту нападу на Украіну ў лютым мінулага года ЕС увёў 12 пакетаў санкцый у дачыненні да Расіі і тры пакеты ў дачыненні да рэжыму ў Мінску. Акрамя таго, Супольнасць наклала абмежаванні на беларускія ўлады за жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзян.
ав