«Праца ў гэтай сферы працягваецца», – заявіў у эфіры TVP Info міністр сельскай гаспадаркі Чэслаў Сякерскі. Пікетоўцы, звязаныя, у тым ліку, з падкарпацкай ініцыятывай «Oszukana Wieś», патрабуюць адмовы ад падвышэння сельскагаспадарчага падатку, спрашчэння доступу да ільготных крэдытаў для падтрымкі ліквіднасці сваіх гаспадарак, а таксама датацыяў на кукурузу ў памеры 1000 злотых за гектар.
Міністр сельскай гаспадаркі падкрэсліў, што гэтыя тэмы з'яўляюцца прадметам дамоўленасцяў ва ўрадзе і перамоў з Бруселем.
«Я абяцаў, што прадстаўлю шлях да гэтых рашэнняў, таму што гэта патрабуе пэўных статутных рашэнняў. Чакаем згоды ЕС наконт субсідый на кукурузу. Трэба ўвесці ў бюджэт пэўныя элементы, звязаныя з крэдытамі. Таксама ў выпадку ўзнікнення праблем з сельгаспадаткам органы мясцовага самакіравання змогуць вызваляць ад павышэння падаткаў, але кампенсаваць іх з бюджэту», – сказаў кіраўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Чэслаў Сякерскі.
Фермеры, якія пратэстуюць, таксама патрабуюць урэгуляваць умовы ўвозу прадуктаў харчавання з Украіны.
Чэслаў Сякерскі заявіў, што неабходная трохбаковая дамова паміж Варшавай, Кіевам і Бруселем.
«Пакуль яе няма, эмбарга на імпарт збожжа будзе захоўвацца. Мы павінны захоўваць эмбарга да таго часу, пакуль не будуць вызначаны ўмовы, якія заменяць гэту сітуацыю – гэта значыць абмежаванні на абʼём магчымых паступленняў канкрэтных сельскагаспадарчых тавараў. Ёсць пэўны досвед, які Украіна ўжо апрабавала з Румыніяй і Балгарыяй, калі размова ідзе пра ліміты. Гэта дазволіць нам кантраляваць працэсы».
Кіраўнік Нацыянальнай рады сельскагаспадарчых палат Віктар Шмулевіч звярнуў увагу на неабходнасць выканання патрабаванняў пратэстоўцаў. Ён расказаў тэлеканалу TVPInfo, што гэтыя праблемы закранаюць розныя галіны сельгасвытворчасці і адносіны вытворцаў з перапрацоўшчыкамі.
«Я лічу, што міністр зʼяўляецца членам урада і адказвае за галіну, якая ўваходзіць у яго кампетэнцыю. Таму, калі міністр робіць такія заявы, яго словы – гэта святое, і я думаю, што ён мае згоду ўрада і ў гэтым пытанні не павінна быць ніякіх праблем», – ацаніў сітуацыю кіраўнік KRIR.
Прыпыніўшы акцыю пратэсту, фермерская група заявіла пра магчымасць яе аднаўлення 2-3 студзеня. Дагэтуль яны не атрымалі пісьмовай заявы наконт выканання сваіх патрабаванняў.
IAR /вх