Жыццё ва Украіне становіцца ўсё больш цяжкім, жыхарам не хапае самага неабходнага – папярэджвае дабрачынная арганізацыя Caritas Polska і заклікае падтрымаць акцыю «Пасылка для Украіны».
Як адзначыў намеснік дырэктара Caritas Polska Ірэнэўш Краўзэ (Ireneusz Krause), гэта вельмі эфектыўная форма дапамогі, якая паступае непасрэдна таму, каму яна найбольш патрэбная.
- Гэта адзінокія людзі, пажылыя асобы, шматдзетныя сем’і. Пасылкі мы рыхтуем у Польшчы, пазней завозім ва Украіну і дастаўляем у тыя рэгіёны, дзе яны найбольш патрэбныя. Гэта галоўным чынам усход краіны.
Кожная ўпакоўка змяшчае каля 30 прадуктаў. Гэта прадукты харчавання з працяглым тэрмінам захоўвання і сродкі гігіены.
- Пасылкі мы дастаўляем пры дапамозе арганізацыі Caritas Ukraina і Caritas SPES. Украіснкі Caritas ведае, куды неабходна скіраваць дапамогу, дзе пражываюць асобы, якім такая падтрымка найбольш патрэбная.
Пад канец снежня і на пачатку студзеня Caritas Polska адправіла на ўсход 16 тон дароў. У рамках акцыі «Пасылка для Украіны» жыхары краіны атрымалі больш за 90 тысяч пасылак на суму больш за 31 мільён злотых.
Інфармацыю аб тым, як падтрымаць акцыю, можна знайсці на сайце caritas.pl. Адной з формаў дапамогі з'яўляецца адпраўка тэкставага паведамлення са словам УКРАІНА на нумар 72052.
IAR/нг