Сёння пачынаецца двухдзённы візіт у Польшчу старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету міністраў Беларусі Святланы Ціханоўскай. У Варшаве плануецца правесці перамовы са спікерамі Сейму і Сенату, міністрам замежных справаў, міністаркай адукацыі і міністрам еўрапейскіх справаў. Падчас сустрэчаў будуць абмеркаваныя пытанні легалізацыі беларусаў Польшчы і ўмацавання беларуска-польскай супрацы падчас старшынства Польшчы ў Радзе Еўрасаюза.
9 студзеня Святлана Ціханоўская сумесна з прэзідэнтам Анджэем Дудам правядуць прыём для беларускай супольнасці ў Польшчы з нагоды Святаў, які ўжо стаў традыцыйным.
У Польшчы разумеюць, што гэты год можа стаць для беларусаў адным з самых цяжкіх, паколькі рэжым Лукашэнкі запланаваў правесці так званыя парламенцкія выбары 25 лютага. Цягам месяца беларуская міліцыя адпрацоўвала разгон натоўпу. Дыктатар Аляксандр Лукашэнка баіцца, што, нягледзячы на рэпрэсіі, людзі выйдуць на вуліцы. Акрамя пагрозы збіцця, пераследу і зняволення, іх стрымлівае таксама страх ваеннага ўмяшання Расіі.
Сітуацыя ў Беларусі вельмі складаная. За кратамі рэжым трымае больш за паўтары тысячы чалавек. Штодня тысячы страчваюць працу і падвяргаюцца рэпрэсіям. На мінулым тыдні дыктатар вырашыў прыняць закон, які выключае з выбарчых працэсаў апазіцыю ў выгнанні і польскую меншасць. Закон прадугледжвае, што кандыдат у прэзідэнты павінен пражыць у Беларусі бесперапынна 20 гадоў і не можа мець замежнага грамадзянства або карты паляка.
IAR/нг