Кіраўнік МЗС Радаслаў Сікорскі заявіў, што Польшча размаўляе з Украінай аб новых формах падтрымкі Кіева. У Варшаве міністр замежных спраў Польшчы сустрэўся з кіраўніком МЗС Японіі Ёкай Камікавай.
Абедзве краіны заяўляюць пра рашучую падтрымку абароны Украіны. Як падкрэсліў міністр Радаслаў Сікорскі, Польшча таксама можа разлічваць на дапамогу сваіх саюзнікаў.
«Мы гаворым з украінскім бокам аб новых формах падтрымкі яго гераічнага супраціўлення расійскай агрэсіі. Падчас нашай сустрэчы з міністрам замежных спраў Японіі таксама былі агучаны канкрэтныя сумы дадатковай японскай падтрымкі не толькі Украіны, але і Польшчы. Намаганні ў інтарэсах украінскіх бежанцаў, якія мы вельмі цэнім«, – сказаў кіраўнік МЗС, дадаўшы, што сумы, якія называе Токіа, »уражваюць«.
Міністарка замежных спраў Японіі ўчора наведала Кіеў. У Варшаве яна нагадала, што анансавала ахвяраванне ў памеры 37 мільёнаў долараў на сістэму выяўлення дронаў ва Украіне. «Я наведала Украіну, каб выказаць сваю непахісную салідарнасць з гэтай краінай. Японія працягне супрацу з Польшчай, каб як мага хутчэй спыніць агрэсію Расіі супраць Украіны і ўсталяваць справядлівы і трывалы мір», – заявіла Ёка Камікава. Падчас візіту ў Польшчу кіраўніка МЗС Японіі прыняў таксама прэзідэнт Анджэй Дуда.
Міністр Радаслаў Сікорскі ацаніў, што Крэмль хоча, каб масіраваныя ракетныя ўдары зламалі супраціў украінцаў і рашучасць міжнароднай супольнасці падтрымаць Кіеў. «Прэзідэнт Пуцін памыляўся, што зможа заваяваць Украіну за тры дні, і цяпер памыляецца таксама», – сказаў Радаслаў Сікорскі.
Кіраўнік МЗС нагадаў, што нанясенне Расіяй удараў па грамадзянскіх аб'ектах з ужываннем недакладных сродкаў паражэння зʼяўляецца ваенным злачынствам.
IAR/нг