Беларуская Служба

Мы - голас палітвязняў!

21.05.2024 11:25
Беларуская дыяспара ў Познані рыхтуецца да Міжнароднай акцыі з нагоды Дня палітвязняў Беларусі.
Ілюстрацыйнае фотаFoto: https://www.facebook.com/belmysl

Як заявілі арганізатары акцыі - наша мэта нагадваць палякам і ўсім людзям у свеце пра прававую сітуацыю і рэпрэсіі ў Беларусі. За кратамі, паводле праваабаронцаў, зараз знаходзяцца 1536 чалавек, 1203 ужо адбылі тэрмін пакарання.

Усе гэтыя людзі прайшлі і праходзяць праз кругі пекла карнай сістэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманне, «суткі», следства, хатнія арышты, «хімію», этапы, калоніі, турмы і жыццё пад наглядам па вызваленні. У беларускіх турмах палітвязняў пазначаюць жоўтай біркай. Але найбольш непапраўнае, што пяцёра палітвязняў загінулі ў няволі.  

З лідарамі пратэсту Марыяй Калеснікавай, Віктарам Бабарыкам, Міколам Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Максімам Знакам няма сувязі больш за год. Гэта значыць, што блізкія ўжо год не маюць ніякіх звестак пра іх. Кожны з гэтых людзей варты нашай падтрымкі і салідарнасці.

Акцыя з нагоды Дня палітвязняў у Познані пачнецца а 19-й гадзіне. Традыцыйна беларусы збяруцца сёння побач з помнікам Адаму Міцкевічу.

ПР/юл