Беларуская Служба

За апошнія дні зменшыўся міграцыйны ціск на мяжы – МУС

05.07.2024 09:31
Міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк звярнуў увагу на некалькі фактараў.
Tomasz Siemoniak
Tomasz SiemoniakPrzemyslaw Chmielewski / Polskie Radio

Польскія службы фіксуюць меншы ціск мігрантаў на польска-беларускай мяжы. Пра гэта заявіў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк (Tomasz Siemoniak). Міністр таксама анансаваў умацаванне існуючага бар’еру на мяжы з Беларуссю.

Госць Польскага радыё звярнуў увагу на некалькі фактараў, якія садзейнічаюць змяншэнню колькасці нелегальных мігрантаў і напору на мяжу.

– Гэта ўвядзенне буфернай зоны, якая стала ўдарам па кантрабандыстах і ўскладніла перавозку нелегальных мігрантаў. Таксама павелічэнне асабовага складу паліцыі на мяжы і выкарыстанне паліцыйных метадаў адпору агрэсіўных людзей. Не без значэння і палітычныя фактары – мінулі выбары ў Еўрапарламент, у Беларусі пазаўчора было нацыянальнае свята і напэўна іхныя службы засяродзіліся на падрыхтоўцы да гэтага свята.

Кіраўнік МУС паведаміў, што на польска-беларускай мяжы ўстанаўліваюцца новыя электронныя элементы бяспекі, якія ўскладняюць прарыў праз плот. Сямоняк таксама дадаў, што польскія службы прымаюць меры ў краінах паходжання мігрантаў, каб адбіць жаданне ў іншых спрабаваць нелегальна трапіць у Польшчу ці краіны Заходняй Еўропы.

яс/IAR