Беларуская Служба

Польская ракета дасягнула космасу

06.07.2024 08:02
Палёт ракеты BURSZTYN – гэта кульмінацыя амаль дзесяці гадоў даследаванняў і працы польскіх навукоўцаў.
Польская субарбітальная ракета дасягнула космасуŁukasiewicz - ILOT/www.facebook.com/instytutlotnictwa

Польская субарбітальная ракета дасягнула космасу – гэта адбылося 3 ліпеня. Ракета BURSZTYN вылецела з нарвежскага выпрабавальнага цэнтра і, як падкрэсліў дырэктар Інстытута авіяцыі імя Лукасевіча доктар інжынер Павел Стэнжыцкі(Paweł Stężyckі), верагодна паднялася на вышыню больш за сто кіламетраў:

- У нас ёсць сто адзін кіламетр пацверджаны. Мы, як інстытут, хочам, каб гэта знайшло сваё адлюстраванне ў павелічэнні ўдзелу ў еўрапейскіх і сусветных праектах, а таксама на камерцыйным рынку. Цяпер наша роля – мая як дырэктара, а таксама нашых уладаў, ператварыць гэты поспех – вынік дзесяцігоддзяў напружанай працы каманды ў тое, што мы зможам выкарыстаць на карысць нашай краіны.

У сваю чаргу, старшыня Польскага касмічнага агенцтва прафесар Гжэгаж Врохна(Grzegorz Wrochna) нагадвае, што гэта першая ракета польскай вытворчасці, якая пакінула атмасферу Зямлі і дасягнула космасу:

- Аднак поспех заключаецца не толькі ў гэтым, але і ў распрацоўцы інавацыйнай тэхналогіі выкарыстання экалагічна чыстага акісляльніка, здольнага замяніць выкарыстоўванае раней ракетнае паліва. Такія палёты дазволяць даследаваць высокія слаі атмасферы і выпрабаваць абсталяванне, якое ў будучыні паляціць на арбіту.

Новая тэхналогія будзе значна хутчэйшай і таннейшай за цяперашнія. У гэтым аспекце, для польскай тэхнічнай думкі – гэта можа быць таксама камерцыйны поспех.

IAR/аз