Прадпрымальнікі Польшчы звяртаюцца да ўрада з просьбай аб адкрытым і спрыяльным падыходзе да легальнай, устойлівай эканамічнай іміграцыі.
Дакумент падпісалі такія арганізацыі, як Бізнес-цэнтр клуб, Федэрацыя польскіх прадпрымальнікаў, Канфедэрацыя Lewiatan, Польская асацыяцыя працадаўцаў аўтамабільнага транспарту, Польская федэрацыя вытворцаў прадуктаў харчавання, Асацыяцыя працадаўцаў і Польская палата кіравання адходамі (Business Centre Club, Federacja Przedsiębiorców Polskich, Konfederacja Lewiatan, Ogólnopolski Związek Pracodawców Transportu Drogowego, Polska Federacja Producentów Żywności Związek Pracodawców oraz Polska Izba Gospodarki Odpadami).
Апошняя ацэнка Міністэрства працы паказвае, што ўзровень беспрацоўя ў ліпені склаў 5 працэнтаў.
Падпісанты звароту адзначаюць, што рынак па-ранейшаму шукае новых супрацоўнікаў.
Паводле звестак Польскага эканамічнага інстытута, у ІТ-індустрыі не хапае прыкладна 150 тысяч спецыялістаў і столькі ж у транспартнай галіне.
«Разумеючы напружанасць, якая ўзнікае ў выніку геапалітычнай сітуацыі, выклікаў, якія стаяць перад Еўрапейскім саюзам, а таксама агрэсіўнага стаўлення такіх краін, як Расія, і ў той жа час выразна адрозніваючы легальную іміграцыю ад нелегальнай і падтрымліваючы эфектыўную і бескампрамісную барацьбу з апошняй, Мы хацелі б падкрэсліць важнасць эканамічнай іміграцыі для павелічэннядабрабыту Польшчы. Бяспека не падлягае абмеркаванню, але яе можна сумясціць з кантраляванай, неабходнай адкрытасцю для замежнікаў, якія сваёй працай спрыяюць стварэнню агульнага дабрабыту», — пішуць аўтары звароту.
Працадаўцы сцвярджаюць, што рынак ужо шукае як мінімум некалькі сотняў тысяч новых супрацоўнікаў.
У сувязі з дэмаграфічнымі зменамі праблема можа толькі пагоршыцца. Гаворка ідзе пра працэс змяншэння і старэння насельніцтва Польшчы. Прагнозы не вельмі аптымістычныя - па дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, чакаецца, што насельніцтва Польшчы зменшыцца на 6,7 мільёна чалавек на працягу 35 гадоў.
Замежнікі ратуюць рынак працы ў Польшчы. З 2014 года колькасць такіх работнікаў павялічылася больш чым у 11 разоў. Калі ў пачатку 2014 года ў Польшчы афіцыйна былі працаўладкаваныя каля 100 тысяч замежнікаў, то цяпер больш за 1,1 мільёна чалавек, - гаворыцца ў апошнім аналізе банка Credit Agricole.
IAR/вх