Беларуская Служба

У кастрычніку пройдзе юбілейны 40-ы Варшаўскі міжнародны кінафестываль

20.09.2024 10:45
11 кастрычніка пачнецца юбілейны 40-ы Варшаўскі міжнародны кінафестываль (WFF).
Plakat festiwalu
Plakat festiwalumateriały prom.

На працягу дзесяці дзён аматары кіно змогуць атрымаць асалоду ад выдатных паказаў з усяго свету, якія будуць прадстаўлены ў кінатэатрах Kinoteka, Atlantic ды Iluzjon.

Перад камандай праграмы фестывалю стаяла выключна складаная задача — з больш чым 5000 прадстаўленых фільмаў выбраць тыя, якія найбольш адпавядаюць розным густам гледачоў. У праграму ўвайшлі 84 поўнаметражныя і 58 кароткаметражных фільмаў. На фестывалі адбудзецца ажно 26 сусветных прэм'ер. Акрамя таго, будуць прадстаўлены 18 міжнародных, 6 еўрапейскіх, 5 усходнееўрапейскіх і 20 польскіх прэм'ер.

Як падкрэслівае Густаў Коляноўскі (Gustaw Kolanowski), праграмны дырэктар WFF, у гэтым годзе фестываль зрабіў акцэнт на жанравай разнастайнасці і дэбютах:

«Мы рабілі акцэнт на пошуку фільмаў маладых творцаў, часта дэбютантаў. Мяркуем, што пра некаторых з іх мы яшчэ не раз пачуем».

Усяго ў конкурсных секцыях будуць прадстаўлены 94 фільмы, у тым ліку 15 — у Міжнародным конкурсе. 

Адкрые фестываль фільм «Кулей. Два бакі медаля» рэжысёра Ксаверыя Жулаўскага. Гэтая польская экранізацыя распавядзе пра Ежы Кулея — легенду польскага бокса, які адзіны выйграў два залатыя алімпійскія медалі.

Завершыцца фестываль сусветнай прэм'ерай фільма «Захопнікі»  Тэадоры Аны Міхай , стужка закранае тэму глабалізацыі і звязаных з ёй міжкультурных канфліктаў.

Варшаўскі міжнародны кінафестываль - адна з найважнейшых кінападзей у Польшчы і Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Для многіх творцаў гэта трамплін да міжнароднага поспеху, а для гледачоў — унікальная магчымасць убачыць найноўшыя амбіцыйныя пастаноўкі з усяго свету.

Білеты на 40-ы WFF можна будзе набыць з 20 верасня ў інтэрнэце, а з 8 кастрычніка таксама ў фестывальных кінатэатрах.

PAP/вх