Пракуратура вядзе расследаванне па справе ўзрывання на вайсковых палігонах бочак з хімічнымі адходамі. Сапёры, якія ўдзельнічалі ў гэтай аперацыі, скардзіліся на крывацёк з носа, млоснасць і апёкі.
Як паведамляе Onet, хімічныя адходы з заводаў Nitro-Chem маглі трапляць на некалькі палігонах, між іншым, недалёка ад узбярэжжа Балтыйскага мора і пад Быдгашчу. Аперацыю арганізаваў Ваенны тэхнічны інстытут узбраення пад выглядам навуковых даследаванняў. Пракуратура мяркуе, што даследаванні былі фіктыўнымі.
Салдаты атрымлівалі загады разгружаць грузавікі, напоўненыя бочкамі ці кардоннымі скрынкамі з таксічнымі адходамі. Потым гэтыя рэчывы кідалі ў ямы і падрывалі выбухоўкай. Сапёраў не інфармавалі пра тое, якія рэчывы знаходзяцца ў бочках або скрынках, а таксама не выдавалі ім ахоўнага аснашчэння.
Шкодныя рэчывы падрывалі салдаты, а вялізныя ганарары атрымлівала прыватная кампанія. Уладальнікам кампаніі быў былы кіраўнік Лабараторыі даследаванняў артылерыйскага ўзбраення ў Ваенным тэхнічным інстытуце ўзбраення, падпалкоўнік Януш В., якому прад’яўленыя абвінавачванні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе. Па справе ўжо высунутыя абвінавачванні супраць 20 чалавек.
IAR/нг