Польская армія падпісала кантракт на пакупку 65 тыс. аўтаматаў, пісталетаў і гранатамётаў. Зброю паставіць завод Łucznik, які знаходзіцца ў горадзе Радам у 100 км на поўдзень ад Варшавы.
Пагадненне прадугледжвае пастаўку 46 тыс. аўтаматаў Grot і апцыён на дадатковыя закупкі 23 тыс. адзінак. У Радаме таксама будзе закуплена 13 тыс. 500 пісталетаў ViS і ў якасці апцыёну – 7 тыс. 400 штук. Акрамя таго, армія заказала на заводзе 1 тыс. 300 гранатамётаў калібру 40 мм з магчымасцю дадатковага заказу ў памеры 500 штук. Кантракт прадугледжвае пастаўкі ў 2026-2029 гадах.
Генеральны дырэктар заводу Łucznik Сэвэрын Фігурскі сказаў, што ў прадпрыемства існуюць вытворчыя магутнасці для рэалізацыі заказу.
- У нашага завода вялікі патэнцыял, мы гатовыя на рэалізацыю заказу. Гэта чарговы кантракт, які сведчыць пра якасць нашай зброі. Да гэтага часу Войску Польскаму пастаўлена больш за 150 тыс. аўтаматаў Grot, а ў будучыні мы паставім яшчэ больш.
Аўтаматы Grot будуць закупленыя ў новай, дапрацаванай версіі. На прэс-канферэнцыі чыноўнікі Міністэрства абароны Польшчы адмовіліся адказваць на пытанне журналістаў, у якія падраздзяленні будзе пастаўленая новая зброя, спаслаўшыся на тое, што гэта – засакрэчаная інфармацыя.
Мінабароны Польшчы прыняло канцэпцыю, паводле якой сродкі на пакупку зброі ў айчынных і замежных вытворцаў будуць размяркоўвацца ў суадносінах 50/50.
вс