Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц і прэзідэнт Малдовы Мая Санду пракаментавалі пачатак польскага старшынства ў Радзе Еўрасаюза, напісаўшы на платформе Х пра неабходнасць пабудовы моцнай Еўропы.
«З новага года пачынаецца старшынства Польшчы ў Радзе ЕС. У гэтыя цяжкія часы мы разам працуем дзеля моцнай Еўропы. Дарагі Дональд Туск, мы робім гэта, стоячы побач як добрыя сябры», — сказаў кіраўнік нямецкага ўраду.
«Мы разлічваем на рашучае лідэрства Польшчы падчас яе старшынства ў Радзе Еўрасаюза і на большую ваенную дапамогу», — напісаў у сераду, 1 студзеня, на «Х» міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга.
«Польшча пачынае другое старшынства ў Радзе ЕЗ, і мы разлічваем на польскае лідэрства, цвёрдую пазіцыю і рашучасць», — напісаў украінскі дыпламат.
Кіраўнік украінскай дыпламатыі заявіў, што ў бліжэйшыя паўгода чакае павелічэння ваеннай дапамогі Украіне і ўзмацнення санкцый супраць Расіі. Паводле яго слоў, мэта Кіева — «дынамічны працэс далучэння Украіны да ЕС».
«Я разлічваю на цеснае супрацоўніцтва з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім для рэалізацыі парадку дня Украіна — ЕС», — дадаў Сыбіга.
Украіна афіцыйна падала заяўку на сяброўства ў ЕС у лютым 2022 года, а ў чэрвені атрымала статус краіны-кандыдата. У снежні 2023 года Еўрапейская рада вырашыла пачаць перамовы аб далучэнні Украіны.
pap/iar/эж