Беларуская Служба

Салдата, які страляў па цывільнай машыне на Падляшшы, адправілі пад арышт. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне

03.01.2025 17:17
Гарнізонны ваенны суд у Ольштыне арыштаваў у пятніцу на тры месяцы салдата, які ў п'яным стане страляў у цывільны аўтамабіль у Мельніку (Падляшша).
Żołnierze 18 Dywizji Zmechanizowanej pełnią służbę na granicy Polski z Białorusią
Żołnierze 18 Dywizji Zmechanizowanej pełnią służbę na granicy Polski z Białorusiąx.com/Zelazna_Dywizja

Данііл Х. падазраецца ў замаху на забойства, пагрозе злачыннага характару і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Рашэнне суда паведаміў журналістам віцэ-старшыня ваеннага гарнізоннага суда ў Ольштыне падпалкоўнік Марыюш Стаховяк, які разглядаў хадайніцтва пракуратуры аб прымяненні да падазраванага трохмесячнага часовага арышту.

«Суд цалкам пагадзіўся з хадайніцтвам пракурора», — сказаў суддзя.

Абаронца падазраванага, адвакат Марэк Гаўрылюк, заявіў, што чакаў такога судовага рашэння і пасля аналізу матэрыялаў будзе ацэньваць, ці варта абскарджваць рашэнне аб часовым арышце ў Акруговым вайсковым судзе ў Варшаве. Адвакат прызнаў, што сумненняў у тым, як выглядае ўся сітуацыя, няма.
Ён таксама паведаміў, што яго падабаронны часткова прызнаў абвінавачанне.

«Ён раскаяўся і папрасіў прабачэння за свае паводзіны. Але справа ў іншым. Гэта праблема з вызначэннем псіхічнага стану падазраванага ў момант здзяйснення дзеянняў, і гэтым трэба будзе займацца лекарам», - сказаў адвакат.

Паводле вядомай інфармацыі, 25-гадовы радавы 18-й механізаванай дывізіі, які служыў на мяжы з Беларуссю ў рамках аперацыі «Бяспечнае Падляшша», у мінулую сераду самастойна пакінуў лагер у Мельніку. З сабой узяў табельную зброю. Ён спыніў на дарозе цывільны аўтамабіль і страляў па ім.

У машыне знаходзіліся двое — бацька і яго дачка-падлетак. Яны не пацярпелі.

«Дзяўчынка ўцякла з машыны. У нейкі момант бацька пачаў уцякаць ад салдата, які яго спыняў. Калі ён ад'язджаў, у машыну быў зроблены як мінімум адзін стрэл. Куля трапіла ў тым ліку ў пасажырскае сядзенне, якое было пустым», — паведаміў у чацвер у інтэрв'ю PAP прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба.

Ён дадаў, што агулам вайсковец зрабіў некалькі дзясяткаў стрэлаў з табельнай зброі, «не менш за 65».

Пасля гэтага вайсковец схаваўся ў бліжэйшым лесе. Калі салдата затрымалі, выявілася, што ён быў п'яны — тэст паказаў амаль два праміле алкаголю ў выдыханым паветры.

Следства па факце інцыдэнту вядзе вайсковы аддзел Беластоцка-Поўняцкай акруговай пракуратуры, які фармальна падпарадкоўваецца акруговай пракуратуры ў Варшаве.

У чацвер пракуратура абвінаваціла 25-гадовага салдата ў замаху на забойства, пагрозах і перавышэнні паўнамоцтваў. Таксама выстаўлена падазрэнне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ваеннай часткай Крымінальнага кодэкса.

Падазраваны — радавы 3-га Падгальскага стралковага батальёна. На добраахвотную службу пайшоў у красавіку 2024 года, з пачатку снежня служыць на польска-беларускай мяжы. Калі яго прызнаюць вінаватым, яму можа пагражаць пажыццёвае зняволенне. Пасля інцыдэнту ў Мельніку вайсковец быў адхілены ад службы і павінен быць звольнены з арміі.

РАР/вх