Польскае касмічнае агенцтва стала аб’ектам атакі хакераў, пацвердзіў сёння намеснік міністра лічбавых тэхналогій Міхал Граматыка. У мэтах бяспекі агенцтва было адключанае ад інтэрнэту. Цягам бліжэйшых двух-трох дзён, пасля ўзмацнення сістэмы, праца ўстановы будзе адноўленая, зазначыў віцэ-міністр.
Міхал Граматыка не паведаміў падрабязнасцей, датычных атакі, але зазначыў, што ўзлом сістэмы Польскага касмічнага агенцтва адбыўся «з усходу». «Пераважная большасць кібератакаў адбываецца з тэрыторыі Кітая і Расіі», - зазначыў намеснік міністра.
Польскае касмічнае агенцтва – выканаўчае падраздзяленне Міністэрства развіцця і тэхналогій Польшчы, створанае ў 2014 годзе са штаб-кватэрай у Гданьску. Яго мэта – рэалізацыя праектаў у галіне космасу і касмічных тэхналогій, а таксама супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі падобнага тыпу ў іншых краінах і кампаніямі з галіны касмічных тэхналогій.
вс