У Польшчы выкрыты чарговы выпадак заражэння дыфтэрыяй. 30-гадовы пацыент трапіў у шпіталь горада Ольштын (паўночна-ўсходняя Польшча). Маладога мужчыну з-за пагаршэння жыццёвых параметраў прыйшлося заінтубаваць. Цяпер ён у непрытомным стане знаходзіцца ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Санітарна-эпідэміялагічныя службы правяраюць, з кім пацыент кантактаваўся. Персанал шпіталя, дзе трапіў мужчына, атрымаў прафілактычныя дозы вакцыны.
У палове сакавіка дыфтэрыя была дыягназаваная ў 6-гадовага хлопчыка, які з бацькамі быў у адпачынку на Занзібары. Дзіця не было вакцынаванае, нягледзячы на тое, што прышчэпка ад дэфтэрыі ў Польшчы абавязковая. Пазней хвароба была выкрытая ў дарослага мужчыны.
Дыфтэрыя – гэта небяспечнае інфекцыйнае захворванне, якое выклікае бактэрыя Corynebacterium diphtheriae (бацыла Лёфлера альбо дыфтэрыйная палачка). Часцей за ўсё хвароба ахоплівае ротаглотку, але нярэдка закранае гартань, бронхі, скуру і іншыя органы. Інфекцыя перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Магчымы таксама кантактна-бытавы шлях перадачы.
Пры рэспіраторнай дыфтэрыі ўзровень смяротнасці складае 5-10%, з больш высокай рызыкай у дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў і дарослых, старэйшых за 40 гадоў, а таксама ў людзей, у якіх у выніку хваробы з’явіцца міякардыт або моцны ацёк шыі.
Пры інвазіўнай форме захворвання смяротнасць узрастае ў разы і дасягае 30-40%.
Вакцынацыя супраць дыфтэрыі ў Польшчы з'яўляецца абавязковай - дзеці павінны атрымаць чатыры дозы вакцыны ў першыя месяцы жыцця і бустэрныя дозы ў 6, 14 і 19 гадоў. У сваю чаргу дарослыя кожныя 10 гадоў павінны атрымліваць бустэрныя дозы супраць дыфтэрыі, коклюша і слупняка.
вс