Беларуская Служба

Папулярны польскі горад уводзіць забарону на продаж алкаголю ў начны час

27.03.2025 18:01
Да гэтага часу начная забарона дзейнічала толькі ў цэнтры горада.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.jarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

У чацвер дэпутаты Гданьска прынялі пастанову аб увядзенні з 1 верасня забароны на продаж алкаголю ў начны час ва ўсім горадзе. Улады спадзяюцца, што новыя правілы дапамогуць палепшыць бяспеку і якасць жыцця жыхароў. Да гэтага часу начная забарона дзейнічала толькі ў цэнтры горада.

Згодна з пастановай, забарона на продаж алкаголю будзе дзейнічаць з 22.00 да 6.00 у крамах і на запраўках па ўсім горадзе. Рэстараны і бары па-ранейшаму могуць прадаваць алкаголь у гэтыя гадзіны. Абмежаванне не будзе распаўсюджвацца на крамы бяспошліннага гандлю ў аэрапорце Гданьска.

За прагаласавалі 26 дэпутатаў, супраць ніхто не быў, 7 дэпутатаў устрымаліся.

Новыя нормы ўступяць у сілу 1 верасня 2025 года. Пры падрыхтоўцы праекта пастановы гарадскія ўлады спасылаліся, у тым ліку, на Закон аб выхаванні ў цвярозасці і супрацьдзеянні алкагалізму. На думку чыноўнікаў, абмежаванне даступнасці алкаголю можа паменшыць колькасць здарэнняў, звязаных са злоўжываннем ім.

Дэпутаты адзначылі, што начная забарона ў цэнтры гораду, якая дзейнічае з вясны 2022 года, спрыяла зніжэнню колькасці інцыдэнтаў, а таксама павышэнню бяспекі і паляпшэнню якасці жыцця жыхароў раёна.

Праціўнікі сцвярджалі, што праблема датычыцца найперш цэнтра горада, дзе ўжо дзейнічае забарона на начны час. Яны таксама задумваліся, як гэта адаб'ецца на дзейнасці прадпрымальнікаў.

ав