Беларуская Служба

Польшча ўвяла забарону на ўезд васьмі прадстаўнікам сілавых структур Грузіі

17.04.2025 20:03
У МЗС паведамілі, што забарона на ўезд распаўсюджваецца ў асноўным на асоб, звязаных з МУС Грузіі, але пакуль не ўдакладнілі, на каго менавіта.
Супрацоўнікі Памежнай службы Польшчы падчас пашпартнага кантролю ў Варшаўскім міжнародным аэрапорце імя Шапэна крыніца: nadwislanski.strazgraniczna.pl

Польшча ўвяла забарону на ўезд на сваю тэрыторыю васьмі прадстаўнікам сілавых структур Грузіі, адказным за насілле ў дачыненні да пратэстоўцаў. Пра гэта паведаміла Міністэрства замежных справаў Польшчы.

«У адказ на ўзмацненне рэпрэсій супраць апазіцыі ў Грузіі Польшча ўвяла забарону на ўезд на сваю тэрыторыю васьмі прадстаўнікам праваахоўных органаў, адказным за прымяненне насілля ў дачыненні да пратэстуючых», — гаворыцца ў паведамленні МЗС у сацыяльных сетках. «Польшча падтрымлівае праеўрапейскія памкненні грузінскага грамадства», — падкрэсліла знешнепалітычнае ведамства ў Варшаве.

У МЗС паведамілі, што забарона на ўезд распаўсюджваецца ў асноўным на асоб, звязаных з МУС Грузіі, але пакуль не ўдакладнілі, на каго менавіта.

Антыўрадавыя пратэсты ў Грузіі працягваюцца з лістапада 2024 года, калі грузінскі ўрад, які лічыцца прарасійскім, паведаміў аб прыпыненні перамоваў аб уступленні краіны ў ЕС да 2028 года. Грузіны таксама пратэстуюць супраць парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка, якія апазіцыя лічыць сфальсіфікаванымі.

Забарона на ўезд на тэрыторыю Польшчы аўтаматычна азначае забарону на ўезд на тэрыторыю краін-членаў Шэнгенскага пагаднення. 

вс