Беларуская Служба

Міністр МЗС Польшчы Сікорскі абмеркаваў з дзяржсакратаром ЗША Рубіо міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю

24.04.2025 11:04
Дыпламаты «таксама абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва ў спыненні расійска-ўкраінскай вайны».
Radosław Sikorski rozmawiał z Marco Rubio
Radosław Sikorski rozmawiał z Marco RubioPAP/Leszek Szymański/East News/Nathan Howard

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі і дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа падчас тэлефоннай размовы, якая адбылася 23 красавіка, «абмяняліся ацэнкамі сітуацыі з бяспекай на польска-беларускай мяжы, уключаючы міграцыйны крызіс, кантраляваны Расіяй праз Беларусь», паведаміла МЗС Польшчы.

Бакі таксама «абмеркавалі пытанні, звязаныя з ціскам на Расію і аказаннем дапамогі Украіне, якая адчувае цяжкасці». Акрамя гэтага, былі «закранутыя намаганні дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза па павышэнні сваёй абараназдольнасці».

Дзярждэп ЗША, паведамляючы аб тэлефоннай размове, не згадаў пра сітуацыю на мяжы Польшчы і Беларусі, адзначыўшы толькі, што Рубіа «высока ацаніў абаронныя інвестыцыі Польшчы як прыклад для іншых еўрапейскіх краін, якія павінны актывізавацца і вылучыць больш рэсурсаў на нацыянальную бяспеку».

Паведамляецца, што дыпламаты «таксама абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва ў спыненні расійска-ўкраінскай вайны». «Дзяржсакратар выказаў надзею Злучаных Штатаў на тое, што мірная прапанова, прадстаўленая ўкраінскім і расійскім чыноўнікам, будзе прынятая і прывядзе да трывалага міру ва Украіне», — адзначылі ва ўстанове.

Сікорскі, выступаючы 23 красавіка ў Сейме са штогадовым дакладам аб задачах замежнай палітыкі краіны, падкрэсліў, што «межы Польшчы, НАТО, Еўрасаюза і Шэнгенскай зоны неабходна абараняць не толькі ад войска Пуціна, але і ад нелегальнай міграцыі, якая з’яўляецца часткай гібрыднай вайны дыктатараў Расіі і Беларусі».

Ён таксама выказаў меркаванне, што зыход расійска-ўкраінскай вайны «вызначыць узровень бяспекі ў рэгіёне на доўгія гады наперад». Паводле яго слоў, ад вынікаў канфлікту «будзе залежаць, ці скаціцца, напрыклад, Беларусь канчаткова ў «рускі свет» ці ж ёй удасца абараніць рэшткі сваёй незалежнасці», таксама «гэта стане пунктам адліку для еўрапейскіх памкненняў Малдовы, Грузіі і Арменіі».



10 красавіка Сікорскі заявіў у эфіры тэлеканала «Белсат», што «цяперашнія беларускія ўлады прывялі краіну да поўнай інтэграцыі ў ваеннай сферы з Расіяй, і вядома, каму належыць галоўная роля ў гэтым зліцці»: «Сама сістэма Аляксандра Лукашэнкі вядзе да другаснай саветызацыі і аслабляе Беларусь».

На думку міністра, польскія ўрады, якія змянялі адзін аднаго, склады Еўрапейскай камісіі спрабавалі стварыць у Беларусі прастору для манеўравання паміж Еўропай і РФ: «Часам гэта ўдавалася, напрыклад, былі часы, калі ў Беларусі не было палітычных зняволеных».

13 чэрвеня 2024 года на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона, яе дзеянне неаднаразова працягвалася — улады Польшчы палічылі яе дзейснай.

З пачатку года, паводле падлікаў «Позірка», Польшча спыніла амаль 5,3 тыс. спробаў незаконнага перасячэння мяжы з беларускай тэрыторыі, з пачатку красавіка — больш за 1,7 тыс. Дэталёвы аналіз абцяжараны ў сувязі з тым, што Памежная ахова Польшчы ў апошнія месяцы публікуе прыблізныя лічбы, якія разыходзяцца з дадзенымі іншых краін Еўразвязу.

За 2024 год Літва, Латвія і Польшча прадухілілі 36,3 тыс. спроб незаконнага пранікнення мігрантаў з беларускай тэрыторыі.

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЕС прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

pozirk.online/вх